Кіраўнік МЗС Літвы: Цяпер важны момант, нельга аслабляць санкцыі

Пасля прызнання псеўдавыбараў на Данбасе Расія рыхтуе далейшае ўварванне ва Усходнюю Украіну. Пра гэта заявіў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус.



linas_linkevicius.jpg

Еўропа павінна аб'яднацца, каб не дапусціць замарожвання канфлікту на ўсходзе Украіны, заявіў міністр замежных спраў Літвы.
Лінас Лінкявічус мяркуе, што пасля парушэння Мінскіх дамоўленасцей расійскім бокам, пасля прызнання «выбараў» на Данбасе надышоў важны момант. Ён сказаў, цяпер, магчыма, ідзе падрыхтоўка далейшага ўварвання ва Усходнюю Украіну, таму «аслабіць павады або паменшыць ціск было б вялікай памылкай».
Міністр заклікаў Еўропу быць больш рашучай і згуртаванай.
Напярэдадні літоўскі МЗС заявіў, што «строга асуджае незаконныя выбары «на частцы тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, праведзеныя 2 лістапада нелегальнымі ўзброенымі групоўкамі».
27 кастрычніка ў порт літоўскага горада Клайпеда ўпершыню прыйшло судна-тэрмінал звадкаванага прыроднага газу Independence. Літва заявіла аб энэрганезалежнасці Балтыі.
Паводле DELFI