КНДР: За крытыку спектакля дырыжора расстралялі на вачах хора

Праціўнікі паўночнакарэйскага дыктатара, офіс якіх знаходзяцца ў Паўднёвай Карэі, паведамляюць, што «Бліскучая Зорка», як называе правадыра афіцыёз, падпісаў загад аб смяротным пакаранні дырыжора галоўнага хору краіны. Загад быццам ужо выкананы.

f7ef8a3ff3397097d00b78386c753bce.jpg


На першы погляд, навіна на сенсацыю не цягне, бо ў КНДР практыка смяротных пакаранняў заўжды існавала. Але калі азнаёміцца з дэталямі, справа выглядае незвычайна. Высвятляецца, што падставай для прысуду стаў не нейкі палітычны ўчынак, а крытычная ацэнка мастацкіх якасцей аднаго з фрагментаў шоу з нагоды дня нараджэння дыктатара 16 лютага гэтага года. Гэтым фрагментам быў спектакль «Ценявая магія», жанр якога ўяўляе сабой спалучэнне тэатра ценяў і фокусаў. Як паведамляецца, прысутны на шоу Кім Чэн Ын выказаў сваё задавальненне пабачаным і высока ацаніў імпрэзу. А вось дырыжору хору яна не спадабалася. Пры гэтым ён меў глупства падзяліцца сваімі думкамі з людзьмі з атачэння Кім Чэн Ына. У той жа вечар дырыжор быў арыштаваны і праз некалькі дзён расстраляны, прычым на вачах хору.
Паўднёвакарэйскі рэпарцёр паведамляе, што ў «злачынцу» стрэлілі аж 90 разоў. Пакуль інфармацыя пра расстрэл афіцыйна не пацверджаная.