Колькасць ахвяр вырасла. Прынамсі 60 чалавек загінулі пры выбухах каля аэрапорта ў Кабуле
Каля кабульскага аэрапорта, дзе сабраліся тысячы людзей, якія бягуць з краіны, у чацвер прагрымелі два магутныя выбухі. Прынамсі 60 чалавек загінулі і каля 140 параненыя, паведаміў ВВС прадстаўнік органаў аховы здароўя Кабулу.
Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе групоўка «Ісламская
дзяржава».
Як паведамляюць амерыканскія СМІ са спасылкай на афіцыйныя
крыніцы, загінулі 11 марскіх пехацінцаў ЗША і адзін вайсковы медык.
Першы выбух адбыўся ў натоўпе ўцекачоў у аднаго з уездаў у
аэрапорт, другі — побач з першым, каля гатэлю «Барон», адкуль амерыканскія
вайскоўцы перавозяць людзей у аэрапорт.
Як паведамляюць сусветныя агенцтвы са спасылкай на
амерыканскіх вайскоўцаў і мясцовыя крыніцы, падрыў першай бомбы ўчыніў
смяротнік.
Пасля выбуху, паводле відавочцаў, хаўруснік смяротніка
адкрыў страляніну па людзях.
«Талібан» неўзабаве пасля першага выбуху абвесціў аб 13
ахвярах, але карэспандэнт Афганскай службы ВВС перадае, што іх можа быць значна
больш: на відэа і фота ў сацсетках, па яго словах — шмат целаў.
Агенцтва TOLO News паведамляе спасылкай на прадстаўніка
«Талібану» Захібулу Муджахіда, што пры першым выбуху параненыя па меншай меры
52 чалавекі. Кабульскі шпіталь, куды дастаўляюць параненых, паведамляе, што
туды прывезлі 60 чалавек.
Заходнія краіны, якія займаюцца эвакуацыяй сваіх грамадзян і афганцаў, якія супрацоўнічалі з імі, праз кабульскі аэрапорт, увесь дзень у
чацвер папярэджвалі аб вельмі сур’ёзнай пагрозе тэракту і настойліва раілі
людзям не прыяжджаць да аэрапорта.
Паводле «Свабоды».