Крах аперацыі «Саберанія»
У кантэксце магчымага канфлікту Венесуэлы і Гаяны дарэчы ўспомніць, што апошні раз Лацінская Амерыка стаяла на парозе поўнамаштабнай вайны ў 1978 годзе. Тады Аргенціна ледзь не атакавала Чылі.
У сваім вядомым апавяданні «Сын вады» Янка Маўр апісвае архіпелаг Вогненная Зямля як бязлюдны край са змрочным кліматам. «Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хаця стаіць лета — снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далёка чуецца, як раве мора», — пісаў аўтар. Тым больш дзіўна, што менавіта Вогненная Зямля, а дакладней некаторыя тутэйшыя пралівы і выспы, сталі яблыкам разладу Аргенціны і Чылі.
Наогул, мяжа Аргенціны і Чылі з'яўляецца самай доўгай міжнароднай мяжой Паўднёвай Амерыкі і трэцяй па даўжыні ў свеце пасля мяжы Канады і ЗША і мяжы Казахстана і Расіі, маючы даўжыню 5308 кіламетраў. І колькі існавала мяжа, існуюць памежныя спрэчкі, у тым ліку з нагоды валодання выспамі Піктан, Ленакс і Нуэва. Гэтыя астравы стратэгічна размешчаны на поўдні Вогненай Зямлі. Побач з імі праходзяць адзіныя тры водныя шляхі паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі ў паўднёвым паўшар'і.
Гісторыя канфлікту мае некалькі этапаў. Раён Патагоніі і архіпелаг Вогненная Зямля доўгі час заставаўся свабодным ад каланіяльных паселішчаў з-за негасціннага клімату, суровых умоў і беднай мясцовай расліннасці. Толькі ў 1843 годзе чылійскі ўрад накіраваў экспедыцыю з задачай заснаваць пастаяннае селішча на беразе Магеланава праліва. З 1881 года астравы былі афіцыйна прызнаны чылійскімі. Але з 1904 года Аргенціна гэты статус аспрэчвае.
У 1971 годзе Чылі і Аргенціна пагадзіліся на арбітраж у міжнародным трыбунале пад эгідай брытанскага ўрада для ўрэгулявання памежнай спрэчкі. Брытанскі ўрад абвясціў аб рашэнні, паводле якога спрэчныя выспы былі перададзены Чылі. Аднак 25 студзеня 1978 года Аргенціна адхіліла гэтае рашэнне. Узнікла ідэя ваенным шляхам прымусіць Чылі да перамоў аб падзеле астравоў.
15 снежня 1978 года прэзідэнт Аргенціны Хорхе Відэла падпісаў сакрэтны загад аб вайсковай аперацыі пад назвай «Саберанія» («Суверэнітэт»). На першым этапе «Сабераніі» планавалася акупаваць выспы вакол мыса Горн, а затым, на другім этапе, альбо спыніць, альбо працягнуць баявыя дзеянні ў залежнасці ад рэакцыі Чылі. У кіраўніцтве Аргенціны чакалі, што падчас вайны загіне ад 30 000 да 50 000 чалавек.
Аргенцінскія ўзброеныя сілы былі колькасна значна большымі за чылійскія. Акрамя таго, чылійскі рэжым быў палітычна ізаляваны з-за перавароту ў 1972 годзе. Нават Вашынгтон, які падтрымаў путч Піначэта, у гэты час трымаў дыстанцыю ад чылійскай дыктатуры. Таксама планавалася падключыць да антычылійскага альянсу Перу, што ў 19 стагоддзі страціла выхад да Ціхага акіяна на карысць Чылі.
Зрэшты, фактару раптоўнасці ў аргенцінцаў не было, паколькі чылійскія вайскоўцы «маніторылі» перамяшчэнне аргенцінскага флоту і сачылі за нарошчваннем аргенцінскіх войскаў. Уздоўж мяжы былі разгорнуты чылійскія войскі, гатовыя сустрэць захопнікаў. Чылі таксама ўстанавіла міны ў пэўных раёнах уздоўж меж з Аргенцінай, Балівіяй і Перу і ўзарвала некалькі горных перавалаў. Паведамлялася, што чылійскія хімікі працавалі над планам атручэння вады ў Буэнас-Айрэсе ў выпадку вайны.
Настала 22 снежня, дзень пачатку аперацыі. Аднак моцны шторм перашкодзіў аргенцінскім караблям пакінуць базы. Тым часам Папа Ян Павел II, устрывожаны сітуацыяй, вырашыў дзейнічаць і паведаміў абодвум урадам, што адпраўляе свайго асабістага пасланца ў абедзве сталіцы. За шэсць гадзін да высадкі аргенцінскі флот павярнуў назад, і аперацыя была адменена.
Лічыцца, што часткова такое рашэнне заснавана на ваенных меркаваннях. Каб дабіцца перамогі, неабходна было дасягнуць пэўных мэт на працягу сямі дзён пасля нападу. Некаторыя военачальнікі палічылі, што гэтага часу недастаткова з-за цяжкасцей з транспарціроўкай праз перавалы Андскіх гор.
Каб стрымаць сваіх суседзяў, чылійцам не абавязкова было дэманстраваць здольнасць перамагаць. Замест гэтага ім неабходна пераканаўча даказаць, што ваенная авантура супраць Чылі не будзе лёгкай прагулкай. Нарэшце, у чылійскіх жаўнераў была перавага: яны абаранялі цяжкапраходную мясцовасць. Адным словам, на той час аргенцінская хунта не магла быць цвёрда ўпэўнена ў тым, што вайна прывядзе да перамогі.
Хаця ўрад Аргенціны і адмяніў аперацыю «Саберанія», ён ніколі не адмаўляўся ад выкарыстання ваеннай сілы для ціску на Чылі. Пасля ўварвання на Фалклендскія выспы 2 красавіка 1982 года аргенцінская хунта планавала ў хуткім часы ваенную акупацыю спрэчных выспаў. Як вядома, правал аванцюры з захопам Фалклендаў выклікаў у Аргенціне палітычны крызіс, крах вайсковай дыктатуры. Новы грамадзянскі ўрад ваяваць не збіраўся. З 1984 года Аргенціна прызнала выспы тэрыторыяй Чылі.
Застаецца згадаць цікавы нюанс. Адзін з аргументаў супраць інтэрвенцыі ў Чылі — стан аргенціскай арміі. На працягу прыкладна пяці ранейшых гадоў яна займалася галоўным чынам тым, што змагалася з унутранай апазіцыяй. У выніку прафесійныя навыкі аргенцінскай арміі настолькі пагоршыліся, што для сапраўднай вайны яна аказалася няздольнай.