Крыніцы: Крэмль пачаў рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года. «Базавы сцэнар» — Пуцін
У Крамлі пачалі падрыхтоўку да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2024 года. У якасці асноўнага сцэнару разглядаецца вылучэнне Уладзіміра Пуціна, паведамляе РБК са спасылкай на свае крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Уладзімір Пуцін у публічных выступах заяўляе, што яшчэ не
вызначыўся са сваім удзелам у прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Разам з тым у
мінулым годзе былі ўнесеныя змены ў Канстытуцыю РФ, асноўным з якіх стала
абнуленне. У Асноўны закон ўнеслі норму аб абмежаванні прэзідэнцкіх кадэнцый для аднаго чалавека двума. Раней пост нельга было займаць двойчы запар. Пры
гэтым для Пуціна быў абнулены адлік тэрмінаў, што дазваляе яму абірацца яшчэ
двойчы.
Як піша РБК, на праведзеных нарадах разглядалася кампанія з «пэўным кандыдатам».
«Іншых варыянтаў няма», — растлумачыла крыніца выдання. Пры
гэтым падкрэсліваецца, што аб рашэнні Пуціна балатавацца не гаварылася.
Іншая крыніца пацвердзіла, што ў якасці базавага сцэнару
разглядаецца вылучэнне Пуціна.
Па звестках выдання, магчымая стратэгія кампаніі абмяркоўвалася ў майстэрні ўпраўлення «Сенеж» у Падмаскоўі з 16 па 18 снежня.
Паводле reform.by.