Куды павінна рухацца Малдова?

За ўсе 27 гадоў незалежнасці Малдовы левыя ніколі не перамагалі ў барацьбе за пасаду мэра сталіцы.

Іван Чэбан. Фота: today.md

Іван Чэбан. Фота: today.md

Кандыдат прарасійскай партыі сацыялістаў на выбарах мэра Кішынёва Іван Чэбанвыйграў першы тур і атрымаў 42 працэнты галасоў.

У другім туры яму давядзецца пазмагацца з Андрэем Нэстасе, лідарам партыі «Платформа DA», якога падтрымалі 32 працэнты выбаршчыкаў. Выбары кіраўніка горада выклікалі каласальны інтарэс, паколькі з’яўляюцца рэпетыцыяй восеньскіх парламенцкіх выбараў, на якіх фактычна будзе вырашацца геапалітычны азімут краіны.

Па сутнасці, выбары пацвердзілі, што адзінага меркавання па пытанні, куды павінна рухацца Малдова, у яе жыхароў няма. Затое быў дасланы сігнал Дэмпартыі — структуры алігарха Уладзіміра Плахатнюка, які кантралюе ўсе галіны ўлады.

Кішынёўцы літаральна пракацілі кандыдата ў мэры Сільвію Раду, якая выконвае абавязкі кіраўніка горада і мае сувязі з дэмакратамі. Лічыцца, што Плахатнюк цяпер будзе фліртаваць з сацыялістамі.

Але лёгкай прагулкі ў Чэбана не будзе. Кандыдаты, якія занялі трэцяе і чацвёртае месца, ужо заклікалі сваіх прыхільнікаў галасаваць за Нэстасе, каб «не даць сацыялістам заняць сталічную мэрыю».

Таксама варта нагадаць, што за ўсе 27 гадоў незалежнасці левыя ніколі не перамагалі ў барацьбе за пасаду мэра сталіцы. Другі тур выбараў, які, паводле малдоўскіх законаў, праводзіцца праз два тыдні пасля першага, адбудзецца ў нядзелю, 3 чэрвеня.