Міністр замежных спраў Літвы: Лукашэнка пагражае Расіі?

У Вільні пракаментавалі пагрозы ўладаў Беларусі перакрыць, у адказ на спыненне транзіту калійных угнаенняў, чыгуначны транспарт, які ідзе з Літвы праз нашу краіну.

litovskie_zheleznye_dorogi.jpg


«Трэба прызнаць, спадару Аляксандру [Лукашэнку] вынаходлівасці не займаць», — цытуе словы міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса Delfi. Ён лічыць, што пасля крызісу з мігрантамі да пагрозаў Лукашэнкі трэба ставіцца сур'ёзна, «паколькі яны могуць стаць рэальнасцю», перадае Еўрарадыё.

Ландсбергіс кажа, што пакуль улады Літвы сочаць за сітуацыяй, кантактуюць з партнёрамі і робяць папярэднія разлікі. Ён падкрэсліў, што большасць транзіту праз Літву ідзе ў Калінінградскую вобласць. «Трэба гэта мець на ўвазе, — працягвае літоўскі міністр. — Ці азначае гэта, што Лукашэнка пагражае Расіі, што спыніць неабходныя яе жыхарам грузы?».

Габрыэлюс Ландсбергіс лічыць, што калі б Лукашэнка «хацеў бы канкрэтна пакараць Літву», то беларусам давялося б «спыняць кожны цягнік і правяраць, куды ён ідзе... аддзяліць літоўскія цягнікі ад нелітоўскіх». На яго думку, гэта «складаная задача». У Мінску, відаць, лічаць інакш. Не здарма беларускі прэм'ер Раман Галоўчанка гаварыў, што «контрсанкцыі» могуць закрануць цягнікі, якія ідуць «з Літвы», а не ў Літву. Відаць, транзіт у Калінінградскую вобласць улічваецца ў падрыхтаваным плане.