На абломках самалёта прэзідэнта Польшчы знойдзеныя сляды тратылу — СМІ
У пераважнай большасці 200 узораў, якія былі перададзеныя на даследаванне лабараторыі Мінабароны Вялікабрытаніі, выяўленыя сляды выбухоўкі, паведамляе польскае СМІ.

Абломкі на месцы катастрофы Ту-154. Фота: Reuters (архіўнае фота)
Адмыслоўцы з лабараторыі судова-выбуховых рэчываў Міністэрства абароны
Вялікабрытаніі знайшлі тратыл і іншыя кампаненты на абломках польскага прэзідэнцкага
самалёта Ту-154М, які разбіўся пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Пра гэта
ў нядзелю, 24 сакавіка, са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе партал
wPolityce.pl.
Адзначаецца, што ў пераважнай большасці 200 узораў, якія былі перададзеныя Нацыянальнай пракуратурай у траўні 2017 года лабараторыі, падначаленай Міністэрству абароны Вялікабрытаніі, выяўленыя сляды рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці выбухоўкі, у тым ліку тратыл.

"Гэтая інфармацыя не агучвалася следчымі. Аднак мы даведаліся, што некалькі тыдняў таму ў польскую пракуратуру паступіў ліст, дзе паведамляецца пра частковыя вынікі даследавання, праведзенага ў лабараторыі судова-выбуховых рэчываў (Forensic Explosives Laboratory), падначаленай Міністэрству абароны Вялікабрытаніі, якая спецыялізуецца на судова-медыцынскіх даследаваннях, звязаных з выбуховымі рэчывамі", — гаворыцца ў паведамленні.
Аўтары расследавання аналізуюць каласальнае значэнне гэтай экспертызы ў вызначэнні прычыны авіякатастрофы пад Смаленскам. Аднак адзначаюць, што рабіць высновы яшчэ занадта рана. Яны падкрэсліваюць, што варта ўстрымацца ад адназначных высноваў і дачакацца, пакуль прыйдуць канчатковыя вынікі працы англійскай лабараторыі. І тады пракуроры будуць мець справу з іх інтэрпрэтацыяй. Можа быць, толькі для гэтага Польшча супрацоўнічае з чарговымі спецыялістамі з-за мяжы. Гэта стандартная практыка. Аднак на хуткае расследаванне ніхто не спадзяецца, верагодна, яно можа доўжыцца яшчэ не адзін год.
Як вядома, у катастрофе пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.
Паводле korrespondent.net, wPolityce.pl