На мяжы з Літвой істотна знізілася колькасць мігрантаў

На беларуска-польскім памежжы застаецца вялікая група афганскіх мігрантаў, якіх не пускаюць у Польшчу, піша Свабода.

58901029_303.jpg

Літоўскія памежнікі за суботу выправадзілі з краіны двух мігрантаў, паведамляе Delfi са спасылкай на ўпраўленне дзяржаўнай памежнай бяспекі МУС Літвы.
Памежнікі за суткі спынілі толькі адну спробу перасекчы мяжу ў абыход пунктаў пропуску.
Дазволілі трапіць у Літву тром мігрантам, падставай для гэтага сталі гуманітарныя прычыны.
Паблізу памежнай вёскі Горны Уснар на польска-беларускім памежжы застаецца група з 32 мігрантаў з Афганістана. Gazeta Wyborcza апублікавала відэарэпартаж з месца падзей. Польская памежная варта не пускала да мігрантаў лекара для праверкі здароўя, а таксама разгортвала калючы дрот на памежжы. Мігранты знаходзяцца там ужо больш за тыдзень.
Раней міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў пра 100 км калючага дроту, разгорнутага на памежжы, а таксама заявіў пра падрыхтоўку яшчэ 50 км.
Праваабарончая арганізацыя Ocalenie заявіла пра тое, што кожны з 32 афганскіх уцекачоў папрасіў міжнароднай абароны ва ўладаў Польшчы, але нікога па-ранейшаму не пусцілі. Прадстаўнік фонду заявіў прэсе, што афганцы вымушаныя выжываць у антысанітарных умовах, і што «польскія памежнікі робяцца падобнымі да беларускіх» з-за сваіх дзеянняў.
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі патлумачыў узмацненне аховы дзяржаўнай мяжы тым, што Лукашэнка працягвае карыстацца «мігрантамі, уцекачамі і наогул людзьмі як інструментам».