На Алімпіяду ў Сочы людзі не хочуць ехаць

Упершыню ў найноўшай гісторыі білеты на Алімпіяду застаюцца нераспрададзеныя за пару тыдняў да яе пачатку. Паводле агенцтва АР, за два тыдні да цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Сочы каля 30% квіткоў застаюцца "ў касах".



aa1a9548_26b2_4f0c_86e8_417af9e76dfe.jpg

Для параўнання: у гэты ж перыяд перад Алімпіядай 2010 года ў Ванкуверы і летнімі Гульнямі ў Лондане 2012 года распрададзена было каля 97% білетаў. Алімпійскія чыноўнікі выказваюць надзею на тое, што квіткі, якія засталіся, будуць узмоцнена разыходзіцца на "гарачай распродажы", аднак арганізатары папярэдніх Гульняў выказваюць скептыцызм.

Чакаецца, што каля 75% гледачоў Алімпіяды будуць расійскімі грамадзянамі. Замежных турыстаў на Гульні ў Сочы прыцягнуць аказалася вельмі складана. "Некаторыя зь іх лічаць, што гэта занадта дорага, іншыя асцерагаюцца з-за стану бяспекі”, — разважае член Міжнароднага алімпійскага камітэту Герхард Хэйбэрг. “Што тычыцца маёй краіны, Нарвегіі, то я ведаю, што некаторыя людзі і кампаніі не збіраюцца ехаць менавіта па гэтых дзвюх прычынах", — зазначыў нарвежац. 

Як зазначаюць сусветныя СМІ, расійскія і міжнародныя спецслужбы займаюцца пошукам як мінімум чатырох "чорных удоваў", якія падазраюцца ў змове з мэтай здзяйснення тэрактаў на Алімпіядзе. Нядаўна ў інтэрнэце было апублікавана відэа, на якім радыкальная групоўка ўзяла на сябе адказнасць за тэракты ў Валгаградзе, абяцаючы яшчэ больш страшнае кровапраліцце падчас Гульняў. Акрамя таго, сваю ролю адыграла і расейская палітыка гамафобнага фанатызму на дзяржаўным узроўні. 

radyjo.net