«Нават прастора СНД для яго стала небяспечнай». Што думаюць у адміністрацыі Пуціна пра ордар Гаагі
Пастанова Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе выдаць ордар на арышт Уладзіміра Пуціна была ўспрынятая Крамлём як «самы нечаканы крок» Захаду, сцвярджаюць крыніцы «Медузы», блізкія да адміністрацыі прэзідэнта Расіі.
Паводле слоў двух суразмоўцаў выдання, расійскія ўлады апынуліся не гатовыя да гэтай сітуацыі.
Больш за тое, Крэмль у 2023 годзе збіраўся прасоўваць вобраз Пуціна (у тым ліку для ўнутрырасійскай аўдыторыі — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў) як «змагара з Захадам», «абаронцу краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі ад каланіяльнага прыгнёту» і «аднаго з галоўных лідараў шматпалярнага свету».
Суразмоўцы кажуць, што для гэтага неабходныя замежныя
паездкі, у якіх Пуцін цяпер абмежаваны праз пастанову МКС. Тэарэтычна
прэзідэнта РФ могуць затрымаць па гаагскім ордары ў 123 краінах. Крыніцы,
блізкія да АП, адзначаюць, што пакуль у Крамлі не зусім разумеюць, як можна
«забяспечыць бяспеку» прэзідэнта ў новых умовах.
«Нават СНД перастае быць бяспечнай прасторай» для
Пуціна», — канстатавала адна з крыніц (сярод краін, якія ратыфікавалі
Рымскі статут МКС, ёсць, напрыклад, Таджыкістан).
Пры гэтым той жа суразмоўца дадаў: у Крамлі сумняваюцца, што
хтосьці з краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР, можа наважыцца на арышт
Пуціна, але «дзясятыя, сотыя долі адсотка [верагоднасці гэтага] заўсёды ёсць».
Само затрыманне Пуціна крыніцы лічаць «немагчымым» — менавіта таму, што расійскі прэзідэнт проста не паедзе ў краіну, дзе ёсць хоць
бы мінімальная рызыка быць арыштаваным.
Суразмоўцы адзначылі, што, нягледзячы на
вайну, якую Расія развязала ў 2022 годзе, Уладзімір Пуцін адносна рэгулярна
здзяйсняў замежныя паездкі і ўдзельнічаў у форумах і самітах. Напрыклад, летам
2022-га ён наведаў Таджыкістан, Туркменістан і Іран, а ўвосень — Узбекістан,
Казахстан і Арменію (пры гэтым пасля 24 лютага Пуцін ні разу не выязджаў у
краіны Захаду).
Паводле ацэнкі двух суразмоўцаў, блізкіх да АП, такія
паездкі былі вельмі важныя, у тым ліку для ўнутрырасійскай прапаганды, якая,
абапіраючыся на навіны пра гэтыя візіты, магла расказаць грамадзянам, што «ў
Расіі сяброў усё роўна больш, чым нядобразычліўцаў» і краіна застаецца «адным
са слупоў шматпалярнага свету».
«Абмежаванні замежных візітаў будуць працаваць у
процілеглы бок. Да ордара выезды [Пуціна] спалучаліся з паездкамі лідараў
замежных краін у Маскву. Цяпер падтрымаць такую ж частату сустрэч не
атрымаецца: нельга ўвесь час запрашаць усіх да сябе», — адзначыла адна з крыніц.
Складанасці з замежнымі візітамі ўжо пачаліся: у жніўні 2023
года ў ПАР павінен прайсці чарговы саміт краін БРІКС; улады гэтай краіны 20
сакавіка заявілі, што «прынялі да ведама» ордар МКС. Пры гэтым прэс-сакратар
прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сцвярджае, што ў Крамлі ставяцца да рашэння
Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе «спакойна» і «працягваюць працаваць». Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін назваў ордар «агрэсіяй супраць Расіі»,
Следчы камітэт РФ па даручэнні Аляксандра Бастрыкіна распачаў крымінальную справу
супраць суддзяў, якія выдалі ордар, а намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ
Дзмітрый Мядзведзеў прыгразіў кропкавым ракетным ударам па будынку суда ў
Гаазе.
Адначасова з Пуціным МКС выдаў ордэр на арышт дзіцячага
амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай — ключавой фігуры ў сістэме гвалтоўнага вывазу
ўкраінскіх дзяцей у Расію. Крыніцы, блізкія да Крамля,
адзначаюць: цяпер у АП мяркуюць, што спіс чыноўнікаў, на якіх будуць выдадзены
ордары ў Гаазе, можа пашырыцца — напрыклад, у яго могуць увайсці губернатары
рэгіёнаў, дзе прымаюць дзяцей з анексаваных украінскіх тэрыторый. Аднак, паводле ацэнак Крамля, гэта ніяк не паўплывае на іх жыццё: «Па факце дзяржслужачыя і
так, можна сказаць, не выязджаюць за мяжу [падчас вайны]».