Нобелеўская прэмія другі год запар пройдзе анлайн
Арганізатары Нобелеўскай прэміі абвясцілі, што з-за пандэміі каронавіруса, якая працягваецца ў свеце, у 2021 годзе лаўрэаты атрымаюць узнагароды ў сябе на радзіме, а не ў Стакгольме. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Нобелеўскага фонду.
«Я думаю, што ўсе хочуць, каб пандэмія ўжо скончылася, але гэтага пакуль не адбылося. Кожны год абвяшчаюцца імёны лаўрэатаў з розных кропак планеты, а нявызначанасць вакол сітуацыі з пандэміяй і магчымасцяў прывяла да таго, што нобелеўскім лаўрэатам узнагароды ўручаць на іх радзіме», — заявіў выканаўчы дырэктар фонду Нобеля Відар Хельгесен.
Пры гэтым Нарвежскі нобелеўскі камітэт не выключае, што лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, імя якога абвяшчаюць у Осла, зможа прыехаць у сталіцу Нарвегіі ў снежні.
Нагадаем, у 2021 годзе — 329 кандыдатаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру: гэта 234 чалавекі і 95 арганізацый. Паводле ацэнак міжнародных букмекерскіх кантор, больш за ўсё шанцаў быць уганараванай прэстыжнай прэміяй у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. На чацвёртае месца букмекеры паставілі Святлану Ціханоўскую. У топ-5 прэтэндэнтаў, паводле версіі міжнародных букмекерскіх кантор, таксама ўваходзяць расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, экалагічная актывістка Грэта Тунберг і амерыканская грамадская актывістка і палітык Александрыя Акасіа-Картэс.