Нобелеўскі медаль Дзмітрыя Муратава прададзены за 103,5 млн долараў. Грошы пойдуць на дапамогу ўкраінцам

Нобелеўскі медаль галоўнага рэдактара расійскай «Новой газеты» Дзмітрыя Муратава, які стаў у 2021 годзе лаўрэатам прэміі міру, прададзены за 103,5 мільёна долараў, піша «Медуза».

Таргі правёў амерыканскі аўкцыённы дом Heritage Auctions увечары 20 чэрвеня ў Нью-Ёрку. Імя пакупніка не выдаецца.

Усе атрыманыя ад продажу медаля сродкі пойдуць на падтрымку гуманітарнай місіі ЮНІСЕФ па аказанні дапамогі ўкраінскім дзецям-бежанцам і іх сем'ям.

Дзмітрый Муратаў разам з філіпінскай журналісткай Марыяй Рыса атрымаў у 2021 годзе Нобелеўскую прэмію міру. Грашовую частку прэміі Муратаў пералічыў дабрачынным арганізацыям.

Пра рашэнне выставіць медаль на таргі Муратаў абвясціў 22 сакавіка. «Мы доўга думалі над гэтым у рэдакцыі «Новай газеты» і зразумелі, што ёсць людзі, якім значна горш, чым нам. Гэта ўцекачы. Хворыя ўкраінскія дзеці. Ім значна горш, чым нам», — заявіў Муратаў, падкрэсліўшы, што рашэнне прадаць Нобелеўскі медаль «падтрымала 100% супрацоўнікаў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: