Новы гарнітур Спайдэрмэна, Дональд Трамп у акопах: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Смерць тварца сусвету Marvel, палаючая Каліфорнія і ўзмацненне антыеўрапейскіх настрояў у Польшчы — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

1_141.jpg

Больш за 200 тысяч чалавек прайшліся па Варшаве ў гонар стагоддзя незалежнасці Польшчы. Сярод іх было шмат прадстаўнікоў еўрафобскіх рухаў. Той факт, што на Марш яны прыйшлі пад эгідай цяперашняга правага ўрада, разглядаюць як узмацненне антыеўрапейскіх настрояў у польскай эліце. А вось вядомае выданне Nie, мяркуе, што як мінімум сімвалам Еўрасаюза ў Польшчы нічога не пагражае. Прычына — адпаведны інтэлект ультраправых. На карыкатуры выдання адзін польскі неанацыст прапануе іншаму спаліць сцяг ЕС. Але той не ведае, як выглядае сцяг Еўрасаюзу


2_1_4.jpg

Лясныя пажары ў штаце Каліфорнія палаюць з пачатку лістапада да гэтага часу. Такіх катастрофаў тут яшчэ не бачылі. Колькасць ахвяр перавышае 70 чалавек, зніклых без вестак — больш за тысячу. Сумныя навіны з Каліфорніі натхнілі мастака Аркадыё Эсківелла (Arcadio Esquivel) з Коста-Рыкі выявіць у сваім малюнку амерыканскі штат як фрагмент запалкі.


3_110.jpg

Дональду Трампу не спадабаліся фармулёўкі пытанняў журналіста CNN. Прэзідэнт ЗША абазваў журналіста грубіянам і вытурыў яго з Белага дома. CNN спрабуе вярнуць сабе пропуск у Белы дом, але Трамп пакуль стаіць насмерць — быццам салдат Антанты ў акопах Першай сусветнай, стагоддзе заканчэння якой адзначаецца сёлета. Менавіта так бачыць сітуацыю тайскі мастак Стывен Пірэй (Stephane Peray).


4_115.jpg

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй знаходзіцца ў кроку ад адстаўкі. Адразу некалькі брытанскіх СМІ пішуць, што ў партыі маецца дастатковая колькасць галасоў, каб выказаць вотум недаверу прэм'ер-міністру. Незадаволенасць аднапартыйцаў выклікае тое, што Мэй спрабуе дамовіцца аб «мяккім» выхадзе з ЕС, што супярэчыць жаданням прыхільнікаў «жорсткай лініі». Брытанская The Guardian выявіла Тэрэзу ў выглядзе рымскага імператара, якому кожны з калегаў хоча ўторкнуць у спіну нож.

5_109.jpg

Ва ўзросце 95 гадоў памёр стваральнік коміксаў Marvel Стэн Лі (Stan Lee). Ён пачаў займацца гэтым бізнесам яшчэ ў 1939 годзе і стварыў такіх папулярных персанажаў, як Чорная Пантэра, Чалавек-павук, Людзі Ікс, Тор, Халк і г.д. Нядзіўна, што многія лічылі нябожчыка такім жа дэміургам сучаснай культуры як Beatles або Хічкок. А з улікам таго, што коміксы з'яўляюцца правадніком амерыканскага ладу жыцця, Стэна называлі «галоўным палітруком ЗША». Напэўна таму мексіканскі графік Дарыё Кастыйлас (Dario Castillejos) прапануе Чалавеку-павуку прымераць касцюм Стэна Лі.