Новы генеральны сакратар ААН: хто такі Антоніу Гутэрыш?

Вылучаны на пасаду новага генеральнага сакратара ААН дыпламат — не прадстаўнік Усходняй Еўропы і не жанчына, як многія чакалі.

huterish.jpg

Антоніу Гутэрыш — прадстаўнік Заходняй Еўропы, былы партугальскі прэм'ер і вярхоўны камісар па справах бежанцаў.
Па словах інсайдэраў, добра знаёмых з яго стылем працы, Гутэрыш здольны ўдыхнуць новае жыццё ў ААН, у чым арганізацыя мае вострую патрэбу.
Шырокай публіцы аб новым генсеку ААН, які прыступіць да працы са студзеня наступнага года, вядома няшмат.
Антоніу Мануэль дэ Алівейра Гутэрыш нарадзіўся ў Лісабоне ў 1949 годзе, вывучаў інжынерную справу і фізіку ў Вышэйшым тэхнічным інстытуце.
Скончыўшы ВНУ ў 1971 годзе, ён пачаў акадэмічную кар'еру на пасадзе старшага выкладчыка.
У 1974 годзе дбайны каталік Гутэрыш уступіў у Сацыялістычную партыю і неўзабаве вырашыў цалкам прысвяціць сябе палітыцы.
У 1995 годзе, праз тры гады пасля абрання на пасаду генеральнага сакратара сацыялістаў, Антоніу Гутэрыш стаў прэм'ер-міністрам Партугаліі. На пасадзе кіраўніка ўрада краіны ён заставаўся сем гадоў, ажна да 2002 года.

Праца ў ААН


У 2005 годзе Гутэрыш, які свабодна валодае партугальскай, іспанскай, анлійскай і французскай, заняў пасаду вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
За гады яго кіраўніцтва колькасць чыноўнікаў у штаб-кватэры ў Жэневе скарацілася, пры гэтым здольнасць агенцтва своечасова рэагаваць на міжнародныя крызісы, накіроўваючы сваіх супрацоўнікаў у «гарачыя кропкі», як адзначаюць эксперты, палепшылася.
Будучы вярхоўным камісарам па справах бежанцаў, Гутэрыш нястомна пераконваў ўрады найбольш развітых і багатых краін свету выдзяляць больш сродкаў і рэсурсаў на дапамогу пацярпелым у канфліктах і ад стыхійных бедстваў.
«Мы не можам стрымаць людзей, якія ратуюцца ўцёкамі. Яны прыйдуць. Наколькі добра мы падрыхтуемся да іх прыходу, наколькі гуманна мы будзем дзейнічаць у адносінах да іх — вось пытанне, якое стаіць сёння перад намі», — пісаў Гутэрыш у часопісе Time у мінулым годзе.
У Антоніу Гутэрыша двое дзяцей ад шлюбу з першай жонкай, якая памерла ў 1998 году ад рака. Ён зноў ажаніўся ў 2001 годзе, у другім шлюбе выхоўвае прыёмнага сына.
Паводле BBC