Падазронага ў сувязях з ІДІЛ ураджэнца Чачні затрымалі ў Брэсце

Падазронага ў сувязях з ІДІЛ ураджэнца Чачні затрымалі ў Брэсце.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Як паведаміў 1 ліпеня тэлеканал ОНТ, 22-гадовы ўраджэнец Чачні вербаваў баевікоў і спрабаваў выехаць у Заходнюю Еўропу. Замежніка спынілі падчас пасадкі на міжнародны цягнік Брэст — Цярэспаль.
Аперацыю праводзілі разам з расійскімі сілавікамі. Паводле іх інфармацыі, у сябе на радзіме малады чалавек працаваў на забароненую тэрарыстычную групоўку, і па меншай меры адзін з завербаваных ім тэрарыстаў стаў смяротнікам.
Як расказаў затрыманы, з Масквы да Мінска ён прыехаў на маршрутным таксі. Затым перасеў на цягнік і збіраўся трапіць у Польшчу. І дзейнічаў не адзін, а з саўдзельнікамі.
«Двое з членаў гэтай злачыннай групы былі затрыманыя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Найбольш радыкальны член гэтай злачыннай групы змог выехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры затрыманні грамадзянін Расійскай Федэрацыі адмаўляў сваё дачыненне да дзеянняў Ісламскай дзяржавы, спрабаваў схаваць сапраўдную мэту яго праезду праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», — расказаў у эфіры тэлеканала начальнік шостага ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Аляксандр Лаўруковіч.
Цяпер замежніка прымусова вышлюць у Расію, дзе ў дачыненні да яго ўжо завялі крымінальную справу за арганізацыю незаконнага ўзброенага фарміравання.
Паводле БелаПАН