Падзенне Асада. Дасье ў карыкатурах

Карыкатурысты каментуюць у сваіх малюнках навіны з Сірыі, дзе сенсацыйна хутка рухнуў рэжым сямейства Асадаў.

Пасля таго, як гадоў пяць таму Башар Асад лакалізаваў з дапамогай Расіі рух апазіцыі, здавалася, што рэжым уступіў у фазу адноснай стабілізацыі. Тым больш, што Масква і Пекін падтрымлівалі Дамаск, што стала тэмай адной з карыкатур.

1_1095.jpg

І раптам здарылася неверагоднае. Літаральна за два тыдні паўстанцы, якія перайшлі ў наступленне, змаглі захапіць практычна ўсе асноўныя гарады, у тым ліку сталіцу. Прычым часцяком войска проста разбягалася. Адзін з карыкатурыстаў нават параўнаў выбух народнага паўстання з вывяржэннем вулкана.

2_972.jpg

Як і варта было чакаць, народ кінуўся знішчаць артэфакты дыктатуры, напрыклад, помнікі і манументы бацькі Асада. Сцэны «асадапада» абляцелі ўвесь свет і, у нейкім сэнсе, сталі сімвалам рэвалюцыі. Нядзіўна, што многія графікі ахвотна малююць сірыйскага паўстанца побач з разбураным помнікам дыктатару.

3_834.jpg

Навіны з Сірыі былі сустрэты ў свеце хутчэй пазітыўна. Хаця многія асцерагаюцца, што ісламісты, якія складаюць касцяк новай сірыйскай адміністрацыі, пачнуць будаваць у краіне тэакратычную дыктатуру. Такі сцэнар не выключае аўтар гэтага малюнка. На выяве сірыйскія паўстанцы стаяць перад выбарам куды рухацца – да дэмакратыі ці да ісламскай дзяржавы?

4_732.jpg

Крайнія песімісты, між тым, чакаюць эскалацыі ў краіне. Да іх, верагодна, належыць і мастак, які выявіў на сваім малюнку анонсы маючых адбыцца падзей у свеце ў выглядзе анонсаў фільмаў. Людзі глядзяць на рэкламны постэр фільма «Вайна ў Сірыі -2», які неўзабаве выйдзе на экраны.

5_674.jpg

Як бачым, тэма будучыні Сірыі — прадмет абмеркаванняў. А вось з тымі, хто прайграў, усё зразумела. Гэта найбліжэйшыя саюзнікі Асада — Масква і Тэгеран. На гэтым малюнку фрагмент разбуранага помніка Асада ламае расіянам і іранцам іх шахматную партыю.

6_502.jpg

Так ці інакш тое, што адбылося ў Сірыі, пацвердзіла старую ісціну, якую часта забываюць правячыя дыктатары: любая дыктатура заканчваецца позна ці рана і ніякія саюзнікі і сілавы апарат тут не дапамогуць. Гісторыя клана Асада пацвердзіла гэты факт. А адзін з мастакоў яго арыгінальна праілюстраваў. На яго малюнку Башар Асад развітваецца з сямейным бізнесам, які заснаваў яго бацька. «Бойня Асадаў. Бацька і сын» — напісана на рэкламнай таблічцы.

7_356.jpg