Паліцыя Германіі ўзмацніла кантроль на мяжы з Польшчай. Гэта праз нелегальных мігрантаў

Нямецкая паліцыя зрабіла больш жорсткім кантроль на мяжы з Польшчай. Гэта рэакцыя на рост колькасці незаконных перасячэнняў мяжы і актывізацыю кантрабандыстаў, паведамляе Der Spiegel.

Фота: pasienis.lt

Фота: pasienis.lt


У апошнія месяцы на 460-кіламетровай польска-германскай мяжы зафіксаваны рост колькасці бежанцаў — у асноўным грамадзян Ірака. Допыты затрыманых паказваюць, што яны трапляюць з Беларусі ў Літву і Польшчу, а адтуль — у Германію. Таму нямецкія ўлады накіравалі ў памежныя з Польшчай раёны дадатковыя сілы паліцыі.
Падкрэсліваецца, што гэтая тэндэнцыя мае «далікатную палітычную падаплёку»: ЕС некалькі месяцаў абвінавачваў урад Беларусі ў тым, што ён наўмысна дастаўляе іракскіх уцекачоў у сваю краіну, а затым перапраўляе іх на аўтобусах да літоўскай мяжы. Мэта кантрабанды людзьмі — справакаваць ЕС.
Выданне адзначае, што Аляксандр Лукашэнка злы, таму што ён моцна ізаляваны ад ЕС пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у Беларусі. Акрамя таго, Беларусь праз гэта знаходзіцца і пад эканамічнымі санкцыямі.