Пампеа звязаў запускі ракет КНДР з візітам Кіма ў Расію

Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Майкл Пампеа звязаў запускі ракет у Паўночнай Карэі з візітам лідара КНДР Кім Чэн Ына ў Расію. 

88beb40d_39ed_44f0_8dec_857ca3979cb8_cx37_cy11_cw61_w1023_r1_s_1.jpg

"Санкцыі (супраць Пхеньяна) не змяніліся. Самыя жорсткія санкцыі ў гісторыі КНДР застаюцца. Магчыма, менавіта гэта сёння аказвае ціск на старшыню Кіма. Вы бачылі, што (запускі) адбыліся адразу пасля візіту ў Расію. Ён вырашыў распачаць такія дзеянні адразу пасля таго, як паразмаўляў з Уладзімірам Пуціным", — сцвярджае Пампеа.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю тэлеканалу CBS.

Паводле слоў дзяржсакратара ЗША, Вашынгтон "усё яшчэ ацэньвае магчымы адказ (на запускі)". "Я хачу падкрэсліць, што мы максімальна выкарыстоўваем любую дыпламатычную магчымасць, (каб знайсці рашэнне ў сітуацыі, якая склалася). Я ўсё гэтак жа працягваю заклікаць сваіх калегаў да перамоваў", — адзначыў Пампеа, перадае telegraf.by.

Нагадаем, Паўночная Карэя 4–5 траўня правяла запускі ракет малой далёкасці, пускі вырабілі з горада Вонсан у напрамку Японскага мора.

Пазней Кім Чэн Ын патлумачыў правядзенне вучэнняў неабходнасцю адстойваць палітычны суверэнітэт і эканамічную самастойнасць рэспублікі.

Нагадаем, паводле амерыканскіх экспертаў, новыя запускі ракет выкарыстоўваюцца Пхеньянам для ціску на Вашынгтон на фоне безвыніковых перамоваў аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. Другі амерыкана-паўночнакарэйскі саміт, які адбыўся ў лютым, не прынёс вынікаў, паколькі Кім не пагадзіўся цалкам згарнуць свае ракетна-ядзерныя праекты ў абмен на паслабленне санкцый.

Паводле паўночнакарэйскіх СМІ, насельніцтва краіны «гатова жыць на вадзе і паветры», але не саступіць замежнаму націску. Пхеньян патрабуе ад Вашынгтона «праявіць гнуткасць», у адваротным выпадку КНДР пагражае знайсці «іншыя шляхі» забяспечыць сваю бяспеку. Аналітыкі лічаць, што гаворка можа ісці аб аднаўленні выпрабаванняў забароненых узбраенняў.