Папа Рымскі Францішак асудзіў папулістаў, якія нажываюцца на галечы

На святкаванні каталіцкага Дня бедных пантыфік выступіў з прамовай, у якой у чарговы раз раскрытыкаваў палітыкаў, якія паразітуюць на сваіх выбарцах.

Папа Рымскі Францішак на святочнай імшы. Фота: «Associated Press»

Папа Рымскі Францішак на святочнай імшы. Фота: «Associated Press»


Папа Францішак асудзіў «сірэн папулізму» і заклікаў да аднаўлення абавязацельстваў па аказанні дапамогі бедным, бяздомным і мігрантам, піша агенцтва «Associated Press».
Пантыфік адсвяткаваў Сусветны дзень бедных каталіцкай царквы, запрасіўшы сотні бедных і бяздомных людзей і мігрантаў у Ватыкан на спецыяльную імшу і абед. Ён асудзіў абыякавасць, якую праяўляе да іх свет, а таксама «прарокаў лёсу», якія падсілкоўваюць страх і «тэорыі змовы» пра іх дзеля асабістай выгады.
«Не будзем зачараваныя сірэнамі папулізму, якія эксплуатуюць рэальныя патрэбы людзей для лёгкіх і паспешлівых рашэнняў», — сказаў Францішак.


У гэтым годзе святкаванне Дня бедных праходзіць на фоне чарговага мігранцкага крызісу. Італьянскі правы ўрад на чале з прэм'ер-міністаркай Джорджай Мелоні распачаў дыпламатычны канфлікт з Францыяй, галоўнае пытанне якога — лёсы людзей, выратаваных у Міжземнамор'і. Італія трымала ў моры чатыры выратавальныя кацеры на працягу некалькіх дзён, пакуль нарэшце не дазволіла тром з іх высадзіцца і прымусіла Францыю прыняць чацвёрты. У выніку ўзніклага скандалу Францыя прыпыніла свой удзел у еўрапейскай праграме пераразмеркавання і ўзмацніла свае памежныя пераходы з Італіяй.
Францішак выказаў шкадаванне з нагоды таго, што вайна ва Украіне толькі пагаршае становішча бедных, якія ўсё яшчэ пакутуюць ад пандэміі каронавіруса, а таксама ад стыхійных бедстваў і змен клімату.
«Сёння значна часцей, чым у мінулым, многія з нашых братоў і сясцёр мігруюць у пошуках надзеі і многія людзі адчуваюць няўпэўненасць праз адсутнасць працы або несправядлівыя і нявартыя ўмовы працы», — сказаў ён.


Ватыкан запрасіў каля 1300 чалавек на абед у зале аўдыенцыі пасля імшы.
Акрамя таго, на гэтым тыдні на плошчы св. Пятра было адноўлена правядзенне бясплатных медыцынскіх аглядаў, якія былі прыпыненыя ў сувязі з COVID-19. Былі праведзены агляды, зробленыя вакцыны і электракардыяграмы, узятыя аналізы крыві, а таксама аналізы на гепатыт, сухоты і ВІЧ. Паводле заявы Упраўлення евангелізацыі Ватыкана, раённыя прыходы размеркавалі каля 5000 скрынь асноўных прадуктаў харчавання, бязвыплатна прадастаўленых адным з супермаркетаў, у тым ліку каля 10 тон макарон і 5 тон рысу.
Гэта не першы выпадак, калі Папа Рымскі Францішак выступае з прамовамі адносна палітыкаў-папулістаў. З 2017 года пантыфік паслядоўна крытыкуе еўрапейскія ўлады за ігнараванне патрэб бедных слаёў насельніцтва, хворых людзей і бежанцаў. Ён параўноваў сучасных папулістаў з Адольфам Гітлерам і перасцерагаў ад празмернага даверу такім палітыкам.