Парашэнка паабяцаў стварыць музей Рэвалюцыі годнасці

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што ў Кіеве на месцы, дзе ў 2014 годзе загінулі актывісты Еўрамайдану, будзе створаны мемарыял-музей Рэвалюцыі годнасці.

7eec85c8_4935_4ef5_83fd_3f36a7c87838_w987_r1_s.jpg


«Я выступаю ініцыятарам і першым спонсарам стварэння дабрачыннага фонду па зборы сродкаў для будаўніцтва музея-мемарыяла і правядзення міжнароднага конкурсу на яго найлепшы праект», — сказаў Пятро Парашэнка сёння на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня годнасці і свабоды.
Украінскі прэзідэнт паведаміў, што падтрымлівае ідэю грамадскай арганізацыі «Сям’я Герояў Нябеснай сотні» аб размяшчэнні мемарыялу непасрэдна на алеі Герояў Нябеснай сотні — у 2014 годзе частка вуліцы Інстытуцкай у Кіеве, дзе адбыўся масавы расстрэл актывістаў пратэсту, была перайменаваная на алею Герояў Нябеснай сотні.
«Гэты музей павінен быць сучасным, павінен глядзець у будучыню і павінен быць створаны найлепшымі сусветнымі і ўкраінскімі мастакамі. Ён павінен быць размешчаны на зямельным участку па адрасе Алея Герояў Нябеснай сотні. Я шчыра спадзяюся, што будаўніцтва гэтага найважнейшага для нашай агульнай справы аб’екта стане па-сапраўднаму ўсенароднай справай», — заявіў Пятро Парашэнка.
Сёння ва Украіне адбываецца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня годнасці і свабоды. Гэты дзень адзначаецца 21 лістапада на памяць пра Рэвалюцыю годнасці 2013-2014 гадоў, калі ў выніку разгону пратэсту студэнтаў супраць спынення еўраінтэграцыі на вуліцы Кіева выйшлі некалькі сотняў тысяч грамадзян. Масавыя акцыі пратэсту трывалі 94 дні і завяршыліся масавым расстрэлам актывістаў і ўцёкамі тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў Расію. У часе тых падзеяў загінуў і беларус — Міхась Жызнеўскі.
У цэнтры Кіева грамадскі парадак забяспечваюць больш як 6 тысяч супрацоўнікаў Нацыянальнай паліцыі. На некалькіх вуліцах перакрыты аўтамабільны рух, а на Майдане Незалежнасці ўсталяваныя металадэтэктары.
Радыё Свабода