Парламент Італіі прыняў законапраект аб аднаполых саюзах

Палата дэпутатаў Італіі прыняла законапраект аб грамадзянскіх саюзах, які дазваляе рэгістраваць адносіны аднаполым парам.

gay_italia.jpg

У падтрымку законапраекта выказаліся 372 дэпутаты, супраць — 51, 99 устрымаліся.
Галасавання папярэднічаў вотум аб даверы, унесены урадам у парламент разам з законапраектам — адхіліўшы ініцыятыву, палата аўтаматычна адправіла б урад у адстаўку. За давер ураду прагаласавалі 369 дэпутатаў, супраць — 193.
За два гады ўрад Матэа Рэнца ўносіў у парламент вотум аб даверы для прыняцця сваіх ініцыятыў звыш 50 разоў.
Закон прадугледжвае ўвядзенне ў Італіі любых грамадзянскіх саюзаў — як гетэрасексуальных, так і гомасэксуальных. Ён гарантуе членам грамадзянскага саюза права атрымання спадчыны, атрымання пенсіі нябожчыка партнёра і змены прозвішча. Акрамя таго, ён ураўноўвае грамадзянскіх партнёраў у правах з блізкімі сваякамі ў экстранных медыцынскіх сітуацыях.
Законапраект быў ухвалены італьянскім Сенатам у лютым 2016 года. Сенатары падтрымалі дакумент пасля таго, як з яго былі прыбраны пункты аб праве на ўсынаўленне і неабходнасці даваць клятву вернасці — апошні пункт, на думку крытыкаў ініцыятывы, з'яўляецца прыкметай шлюбнага саюза.
Італія заставалася адзінай буйной краінай Заходняй Еўропы, дзе не былі дазволеныя ні грамадзянскія саюзы, ні шлюбы для гомасэксуальных пар. Грамадзянскія саюзы, у тым ліку для аднаполых пар, прызнаваліся толькі асобнымі гарадамі і рэгіёнамі краіны.