Перамовы ЕС і Вялікабрытаніі па «Брексіту» зайшлі ў тупік
За суткі да заканчэння перамоў Брусель і Лондан не могуць дасягнуць пагаднення аб праве на рыбалоўства кампаній ЕС у водах Вялікабрытаніі. Раней Еўрапарламент ухваліў план дзеянняў на выпадак правалу перамоваў.
Перамовы па гандлёвым пагадненні паміж ЕС і Вялікабрытаніяй пасля "Брексіта" зайшлі ў тупік. Пра гэта ў суботу, 19 снежня, паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на крыніцу ў дыпламатычных колах Еўразвязу. Паводле яго даных, Брусэль і Лондан не змаглі дамовіцца аб праве на рыбалоўства кампаній ЕС у водах Вялікабрытаніі, бакі маюць "усе тыя ж рознагалоссі".
На дасягненне пагаднення абодвум бакам застаюцца суткі: Еўрапарламент раней пастанавіў, што перамовы павінны завяршыцца апоўначы ў нядзелю, 20 снежня. Да канца бягучага года працягваецца пераходны перыяд, падчас якога Вялікабрытанія захоўвае доступ да ўнутранага рынку ЕС і застаецца ў мытным саюзе.
Негатыўныя наступствы для эканомікі
Акрамя рыбалоўства, галоўнымі спрэчнымі пытаннямі паміж бакамі застаюцца роўныя ўмовы канкурэнцыі на рынку, а таксама меры пакарання за парушэнне будучага дагавора па "Брексіту". Калі дамоўленасці не будуць дасягнуты, абодва бакі увядуць да канца года мытныя пошліны. Эксперты адзначаюць, што гэта будзе мець значныя негатыўныя наступствы для эканомікі абодвух бакоў.
У пятніцу Еўрапарламент пачаў рыхтавацца да магчымага ПП: дэпутаты прагаласавалі за шэраг надзвычайных мер у сферы рыбалоўства, бяспекі палётаў і паветранага і наземнага спалучэння на выпадак, калі гандлёвае пагадненне не будзе дасягнута.
Вялікабрытанія выйшла з Еўрасаюза ў студзені гэтага года, праз 43 месяцы пасля таго, як на рэферэндуме 2016 года перамогу атрымалі прыхільнікі "Брексіта".