У Вялікабрытаніі імкліва распаўсюджваецца новы штам каронавіруса
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што ў краіне выявілі новы генетычны варыянт каронавіруса, які можа быць на 70% больш заразным. Пра гэта ён паведаміў на прэс-канферэнцыі, запіс якой размешчаны на старонцы Джонсана ў Twitter, паведамляе РБК.
«Хоць у гэтым пытанні яшчэ захоўваецца значная нявызначанасць, ён можа быць на 70% больш заразны, чым першапачатковы варыянт, з якім мы мелі справу раней», — сказаў Джонсан. Ён удакладніў, што пакуль няма звестак, што новы від каронавіруса выклікае больш цяжкія формы захворвання або адрозніваецца больш высокай смяротнасцю.
Аб выяўленні новага тыпу каронавіруса, з-за якога тэмпы распаўсюджвання захворвання ў некаторых рэгіёнах Вялікабрытаніі рэзка падскочылі, у пачатку тыдня паведаміў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя краіны Мэт Хэнкок. Да таго моманту ў краіне пацвердзілі больш за 1 тыс. выпадкаў заражэння новым відам віруса, у тым ліку ў Лондане, графстве Эсэкс і некаторых раёнах у графствах Кент і Хертфордшыр.
Напярэдадні аб больш высокай хуткасці распаўсюджвання новага тыпу каронавіруса ў Вялікабрытаніі паведаміў галоўны санітарны ўрач Англіі і дарадца брытанскага ўрада па медыцыне Крыс Уіці. Ён таксама казаў, што пакуль нічога не даказвае, што інфекцыя можа стаць прычынай больш высокага ўзроўню смяротнасці або яе не змогуць перамагчы ўжо распрацаваныя вакцыны. "Мы апавясцілі Сусветную арганізацыю аховы здароўя і працягваем аналізаваць наяўныя даныя", — сказаў ён.
На гэтым тыдні ў Лондане ўвялі максімальны ўзровень абмежавальных мер з-за распаўсюджвання COVID-19. Бары і рэстараны могуць працаваць толькі на вынас. Нехарчовыя крамы, спартзалы і цырульні будуць зачыненыя. Жыхарам рэкамендавана па-максімуме знаходзіцца дома, а сустракацца дазваляецца толькі з адным староннім чалавекам і толькі на свежым паветры.
На 19 снежня ў Вялікабрытаніі з пачатку пандэміі выявілі 2 млн выпадкаў заражэння каранавірусам. За апошнія суткі ў краіне пацвердзілі 27 тыс.новых заражэнняў.
Паводле tut.by