Першае сумеснае інтэрв’ю Парашэнкі і Клічко нямецкаму часопісу Bild

У аўторак новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і лідэр партыі «Удар» Віталь Клічко далі першае сумеснае інтэрв’ю нямецкаму часопісу Bild. Новаабраны ўкраінскі лідэр запэўніў, што не баіцца задач, з якімі яму трэба будзе сутыкнуцца на пасадзе прэзідэнта — з разрухай у эканоміцы і расколам краіны.



klichko_poroh.jpg

«Я не вельмі славалюбівы чалавек, і я, хутчэй за ўсё, адмовіўся б выстаўляць сваю кандыдатуру, калі б праблемы, якія мне трэба будзе вырашыць, не былі б гэтак сур’ёзныя, — заявіў Парашэнка. — Я б мог зрабіць дастаткова, нават не будучы палітыкам, але у гэтай сітуацыі я лічу, што для выратавання краіны неабходна прыкладаць максімальныя намаганні, бо на ўсходзе Украіны фактычна ідзе вайна, Крым акупаваны Расіяй, а ў грамадстве пануе велізарная нестабільнасць. Мы павінны рэагаваць».

Віталь Клічко, як гаворыцца далей, не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што пасля пратэстаў на Майдане народ Украіны абраў новым прэзідэнтам алігарха. «Гэта гістарычная падзея, — упэўнены Клічко. — ( ... ) Парашэнка — паспяховы бізнэсмэн, чаму гэта павінна гуляць супраць яго? Ён разам з намі змагаўся на Майдане, яго тэлеканал 24 гадзіны ў суткі асвятляў падзеі ва Украіне, а за яго дзейнасць у Расіі нават забаранілі прадукцыю канцэрна «Рашэн», што яму належыць».

Пакуль не адбылася інаўгурацыя, працягнуў Парашэнка, «я не магу аддаваць загадаў войску». «Але мы больш не дапусцім таго, каб гэтыя тэрарысты выкрадалі і забівалі людзей, захоплівалі будынкі і адмянялі законы. Мы пакладзем канец гэтаму жаху», — падкрэсліў Парашэнка, дадаўшы, што супраць Украіны вядзецца самая сапраўдная вайна.

Па словах новага прэзідэнта, з гэтага часу найбольшы прыярытэт для яго будуць мець узброеныя сілы: «У ваенны час нам неабходна значна палепшыць грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых».

Аднак разам з дзяржаўнай падтрымкай, адзначыў Клічко, армія мае патрэбу ў ахвяраваннях простых грамадзян: «Нельга, каб у салдат, якія змагаюцца за бяспеку ўсіх украінцаў, не было годных бронекамізэлек».

Таксама Парашэнка абвінаваціў Расію ў падтрымцы сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. «Яна падтрымлівае іх зброяй, байцы бесперашкодна перасякаюць мяжу, на расійскай тэрыторыі ёсць трэніровачныя лагеры». Мэта Расіі, па перакананні будучага кіраўніка Украіны, «заключаецца ў дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне да такой ступені, каб яна пагадзілася на ўмовы, якія прапануюць расійцы».

«Што ж тычыцца ўступлення Украіны ў НАТА, то пакуль што большая частка насельніцтва выступае супраць, — заключае Парашэнка. — Але ў прынцыпе нам неабходны ваенны саюз з ЗША і Еўропай дзеля абароны Украіны. Як прэзідэнт Украіны я буду дамагацца заключэння гэтага саюза і адразу ж пачну перамовы па гэтым пытанні».

Аднойчы, нагадаў прэзідэнт, Украіна адмовілася ад ядзернай зброі і наўзамен атрымала гарантыі ад Расіі. «Але цяпер мы бачым, што тыя гарантыі нічога не вартыя, і нам неабходны новы саюз».

Паводле Inopressa.ru