Польшча. Звязаныя з тэрарыстамі — “пад каўпаком” спецслужбаў

Польскія спецслужбы назіраюць за 200 асобамі, якія могуць быць звязаныя з мусульманскімі тэрарыстамі.



5b3ef6743238c64a.jpg

Польскія спецслужбы назіраюць за 200 асобамі, якія могуць быць звязаныя з мусульманскімі тэрарыстамі — паведаміў партал TVN24 са спасылкай на дадзеныя з паседжання Камісіі Сейма Польшчы па пытаннях спецслужбаў.

Паводле TVN24.pl, на мінулым тыдні віцэ-старшыня Агенцтва ўнутранай бяспекі Яцак Гаўрышэўскі прадставіў камісіі інфармацыю на гэты конт. З яе вынікае, што сярод асобаў, якія знаходзяцца пад назіраннем, найбуйнейшая група — гэта чачэнцы, якія жылі ў Польшчы і звязаліся з "Ісламскай дзяржавай".

Частка гэтых людзей сёння знаходзяцца ў Сірыі і Іраку, дзе яны ваююць на баку тэрарыстаў.

Акрамя чачэнцаў, пагрозу бяспецы ўяўляюць і палякі, якія змагаюцца на баку тэрарыстаў. Паводле аднаго з чальцоў камісіі, такіх выпадкаў ёсць ад 5 да 10. Усе з гэтай групы прынялі іслам пасля эміграцыі на Захад. Там яны скантактаваліся з групоўкамі "Ісламскай дзяржавы" і выехалі ў Сірыю.

Увесну ў Беластоку былі затрыманыя трое чачэнцаў. Яны збіралі сродкі сярод чачэнскіх уцекачоў у Польшчы ў падтрымку Ісламскай дзяржавы.

www.radyjo.net