Польскія мытнікі перахапілі рэкордны ў гісторыі груз кантрабандных цыгарэт з Беларусі (+фота)

Найбуйнейшыя пастаўкі кантрабандных цыгарэт на мінулым тыдні перахапілі польскія мытнікі на чыгуначным памежным пераходзе ў Тэрэспалі, паведамляе rp.pl.


Першы на гэтым тыдні кантрабандны груз цыгарэт, знойдзены 4 ліпеня, аказаўся рэкордным. Польскія мытнікі знайшлі цыгарэты падчас агляду грузавога цягніка, які ехаў з Беларусі ў Польшчу. Кантрабанда была запакаваная ў больш як сямі кардонных каробках і схаваная ў двух кантэйнерах.
У ходзе праверкі было выяўлена ўсяго 367 тыс. пачкаў (7.340.000 шт.), паводле ацэнак, рынкавы кошт іх перавышае 4,8 мільёна злотых (больш за мільён даляраў).
7 ліпеня таксама ў Тэрэспалі была выяўленая яшчэ адна буйная партыя нелегальных цыгарэт, якую перапраўлялі з Беларусі ў Польшчу чыгуначным транспартам — больш за 60 тыс. пачкаў цыгарэт коштам вышэй за 800 тыс. злотых (каля $ 200 тыс.). На нелегальныя цыгарэты польскія мытнікі наткнуліся ў адным з кантэйнераў. Цыгарэты без акцызных марак былі запакаваныя ў чорныя пластыкавыя скрынкі.
Польская мытная служба абвясціла, што да восені на чыгуначным пераходзе ў Тэрэспалі пачне дзейнічаць сучасны рэнтгенаўскі апарат для сканавання чыгуначных вагонаў. Гэты сканер зможа правяраць адначасова тры чыгуначныя калеі і стане самым буйным у Еўропе.
Паводле «Нашай Нівы»