Польшча стварае камісію па расследаванні расійскага і беларускага ўплыву і ўмацоўвае мяжу
Улады Польшчы будуць расследаваць факты расійскага і беларускага ўплыву на Варшаву за апошнія 20 гадоў. Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны паведаміў таксама, што нядаўна польскі ўрад пералічыў дадатковыя 100 мільёнаў злотых Агенцтву ўнутранай бяспекі і Агенцтву разведкі.
Улады Польшчы заявілі, што мінулай ноччу затрымалі яшчэ траіх чалавек па падазрэнні ў працы на расійскія спецслужбы і ў падрыхтоўцы актаў сабатажу. Раней па тых жа абвінавачваннях былі затрыманыя дзевяць чалавек, паведамляе Euronews.
Кіраўнік польскага ўрада абвінаваціў Расію і ў стварэнні штучнага міграцыйнага ціску на мяжы Польшчы і Беларусі.
Дональд Туск, прэм'ер-міністр Польшчы адзначыў: «Сёння мы атрымалі пацверджанне таго, што ціск на ўсходняй мяжы Польшчы — гэта не спантанны рух людзей, якія бягуць з розных краін. Цяпер гэтыя даныя выклікаюць сур'ёзную трывогу. Больш за 90% тых, хто нелегальна перасякаюць польскую мяжу, — гэта людзі з расійскімі візамі».
Туск таксама паведаміў аб стварэнні камісіі, якая зоймецца расследаваннем расійскага і Беларускага ўплыву ў Польшчы за апошнія 20 гадоў. Папярэднія вынікі працы павінны стаць вядомыя ўжо летам.
Сёння ў Сейме віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш пагадзіўся з Тускам: спробы перасячэння польска-беларускай мяжы, “цяпер вельмі арганізаваныя”.
“Групы гэтых людзей становяцца ўсё больш шматлікімі. Беларускія службы дапамагаюць іх перавозіць і, на наш погляд, рыхтуюць іх да прарыву польска-беларускай мяжы, — заявіў ён. — На 19 траўня мы зафіксавалі 14 тысяч спробаў перасячэння польска-беларускай мяжы, што на 46% больш, чым летась”, цытуе яго словы «Позірк».
Уладзіслаў Касіняк-Камыш распавёў, што за ахову мяжы адказвае 5,5 тысячы вайскоўцаў. Паводле яго слоў, фінансаванне Падляскай ваенна-аператыўнай групы, якая прыкрывае ўсходні напрамак, будзе павялічана.
Польшча выдзеліць 343 млн еўра на мадэрнізацыю мяжы з Беларуссю
Кіраўнік польскага ваеннага ведамства адзначыў, што “лепш было прыняць гэтае рашэнне два гады таму, але ніколі не позна рабіць добрыя рэчы”.
У гэтым кантэксце, паводле яго слоў, было вырашана падрыхтаваць план нацыянальнай абароны “Шчыт Усход”, у рамках якога “на мяжы будуць сабраныя найноўшыя фартыфікацыйныя тэхналогіі”.
“Гэта будуць не проста жалезабетонныя вожыкі ці палісады (высокая абарончая сцяна, — Рэд.), не проста набор тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, — патлумачыў міністр. — Гэта будзе назіранне, усёабдымны маніторынг, выведка і абарона ад беспілотнікаў. Усе гэтыя найноўшыя сістэмы будуць размешчаныя на 400 кіламетрах нашай мяжы, асабліва з Беларуссю і РФ”.
Касіняк-Камыш таксама паведаміў: “Сёлета з бюджэту Міністэрства нацыянальнай абароны мы выдзелім 850 мільёнаў злотых на фінансаванне гэтай групы. У супастаўным перыядзе мінулага года гэта было 500 мільёнаў. Мы ўзмацняем гэтую ініцыятыву і гатовыя нарасціць вайсковую прысутнасць на польска-беларускай мяжы. І паліцыя, і памежнікі будуць забяспечаныя яшчэ больш якаснай тэхнікай”.
Польскі ўрад плануе ўзмацніць працу службаў на ўсходзе краіны
Уладзіслаў Касіняк-Камыш у Сейме таксама прадставіў інфармацыю аб стане бяспекі краіны. Польская дзяржава будзе бязлітаснай да здраднікаў, абяцаў кіраўнік Мінабароны Польшчы, паведамляе Польскае радыё.
Урад мае намер узмацніць працу службаў ва ўсходняй Польшчы, пра гэта ў Сейме заявіў Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Ён паведаміў, што з 1 ліпеня ва ўсіх ваяводствах зʼявяцца аддзелы Агенцтва ўнутранай бяспекі. Таксама будуць створаны новыя інспекцыі Службы ваеннай контрвыведкі, між іншым, у Быдгашчы, Ольштыне, Жэшаве і Вроцлаве. Міністр абвясціў, што польская дзяржава будзе бязлітаснай да здраднікаў:
— Мы будзем змагацца з усімі здраднікамі польскай нацыі і дзяржавы, якія абралі іншы шлях, чым служэнне радзіме. Польская дзяржава будзе бязлітаснай у дачыненні да тых, хто пагражае ейнай бяспецы і здраджвае ёй. Няма месца для літасці і ніякіх саступак у дачыненні да тых, хто абраў шлях на Усход.
Польшча купіць дырыжаблі за 1 млрд долараў і ўстановіць іх на мяжы з Беларуссю
Польшча купляе дырыжаблі ранняга папярэджання. Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што Варшава падпіша пагадненне аб набыцці ў ЗША чатырох паветраных суднаў на агульную суму ў 960 млн амерыканскіх долараў, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Іх задача – павысіць эфектыўнасць выяўлення паветраных аб’ектаў, асабліва тых, якія рухаюцца на малых вышынях, такіх як крылатыя ракеты, верталёты або дроны.
Паводле euronews.com, pozirk.online, www.polskieradio.pl