Рабочая партыя Курдыстана і Турцыя: чым скончыцца спроба перамір'я №7?
Рабочая партыя Курдыстана (РПК) аб'явіла аб перамір'і з Турцыяй. Зрэшты, гэта не першая спроба дасягнуць міру. Чым яна закончыцца гэтым разам?

Прыхільнікі РПК з партрэтам Абдулы Аджалана, 27 лютага 2025 года. Фота AFP
Усё пачалося ў верасні 1980-га, калі ў Турцыі адбыўся чарговы ваенны пераварот. Хапун, які зладзілі ў краіне пасля змены рэжыму, быў адзін з самых жудасных у гісторыі.
Арыштавалі да 650 тысяч чалавек, 517 чалавек прыгаварылі да смяротнага пакарання. У «чорныя спісы» ўнеслі 1 мільён 683 тысячы чалавек, пры гэтым 30 тысяч сталі палітычнымі бежанцамі. Былі забаронены 23677 грамадскіх аб'яднанняў, у першую чаргу, камуністычныя, прафсаюзныя і левацэнтрысцкія. Перад судом паўсталі 400 журналістаў, іх асудзілі агулам да 3315 з паловай гадоў турэмнага зняволення.
Глядзіце таксама

Адной з галоўных ахвяр пераследу сталі курды. Яшчэ пры Атацюрку ў краіне ініцыявалі праграму асіміляцыі курдаў. Выкарыстанне курдскай мовы, культуры, адзення, фальклору і тапонімаў было забаронена, а населеныя курдамі правінцыі доўгі час засталіся пад ваенным становішчам.
Пасля путчу 1980-га сітуацыя для курдаў яшчэ больш пагоршылася. Дайшло да таго, што турма пагражала тым, хто проста спяваў на курдскай мове.
З іншага боку, рэпрэсіі ўзмацнілі папулярнасць радыкальнай апазіцыі, у тым ліку групы, якая ўзнікла ў сярэдзіне 70-х у Анкары сярод курдскіх студэнтаў левых поглядаў. Тыя даўно абмяркоўвалі ідэю герыльі і цяпер атрымалі карт-бланш для рэалізацыі сваіх намераў. Акрамя сацыяльнай базы з’явілася і матэрыяльная. Суседняя Сірыя, дзе таксама жывуць курды, была не супраць разыграць курдскую партыю ў супрацьстаянні з туркамі.
Партызанскі рух хутка набыў масавы характар, а яго арганізатар Рабочая Партыя Курдыстана (РПК) — стала вядучай курдскай арганізацыяй. Нават арышт яе лідара Абдулы Аджалана ў 1999-м, насуперак чаканням Анкары, не адбіўся на інтэнсіўнасці і маштабах дзейнасці партызан. Ужо на пачатку 1990-х Анкара была вымушана весці перамовы аб перамір'і.
Глядзіце таксама

Усяго спецыялісты налічылі ажно шэсць спробаў мірна дамовіцца паміж РПК і Турцыяй у мінулыя гады, якія аказаліся безвыніковымі. І вось спроба нумар сем.
Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, у Анкары на гэты раз вырашылі шукаць новыя падыходы. Да працэсу быў далучаны той самы Абдула Аджалан, які з 1999 года знаходзіцца ў турме. Аджалан публічна заклікаў арганізацыю, якую ён калісьці стварыў, скласці зброю і аб'явіць аб самароспуску. На яго думку, мадэль і фармат дзейнасці РПК страцілі актуальнасць, паколькі палітычная сітуацыя змянілася і з'явіліся дэмакратычныя шляхі ўрэгулявання.
Пры гэтым нельга адразу сказаць, што гэта заява была зроблена праз ціск на вязня. Перад тым, як выступіць з заявай, Аджалан кансультаваўся з курдскімі палітыкамі, якія, хутчэй за ўсё, маюць кантакты з падполлем.
У выніку РПК адгукнулася на заклікі свайго лідара Абдулы Аджалана і пагадзілася скласці зброю. У пятніцу стала вядома, што партызаны прыпыняюць ваенныя дзеянні.
Што далей? Чакаецца, што мір з РПК адчыніць дзверы новаму мірнаму працэсу паміж турэцкім урадам і курдскай меншасцю, якая, дарэчы, складае 20% насельніцтва краіны.
Раззбраенне можа дапамагчы знізіць унутраную напружанасць, асабліва ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Турцыі, дзе на працягу дзесяцігоддзяў фіксаваліся сутыкненні паміж арміяй і баевікамі РПК. Палітычная і сацыяльная стабільнасць можа дапамагчы курдам лепш інтэгравацца ў палітычнае і грамадскае жыццё Турцыі, што можа ўмацаваць нацыянальнае адзінства і знізіць этнічную і палітычную палярызацыю.
Змены ў канфлікце таксама могуць дапамагчы палепшыць міжнародныя адносіны: Анкара патэнцыйна можа выкарыстоўваць іх для паляпшэння сваіх адносін з Вашынгтонам і ЕС, якія неаднаразова крытыкавалі яе палітыку ў дачыненні да курдаў.
Аднак усё гэта магчыма, калі будзе выкананы шэраг умоў. Напрыклад, партызаны гатовыя склікаць сход РПК, які мае прыняць рашэнне аб роспуску структуры. Аднак на гэтым мерапрыемстве абавязкова мае быць Аджалан. Як гэта тэхнічна зрабіць — пакуль не зразумела.
Але гэта яшчэ дробязі. Ураду Турцыі неабходна будзе на справе перагледзець дэмакратычныя і прававыя аспекты ўнутранай палітыкі. Як мінімум, абвесціць амністыю для курдскіх актывістаў. Наколькі турэцкая эліта да гэтага гатова?
Такім чынам, зараз мы або ўбачым рэзкую адлігу і дэмакратызацыю аднаго з самых моцных паліцэйскіх рэжымаў свету, або прыйдзецца чакаць восьмую спробу дасягнуць перамір'я.