Расія. Горад у Ліпецкай вобласці заліло сокам
У горадзе Лебядзянь Ліпецкай вобласці абваліўся дах на складзе гатовай прадукцыі камбіната "Лебядзянскі". Праз гэта на вуліцы выцеклі патокі соку, што там захоўваўся.
"ЭКЗ "Лебядзянскі" — расійскае аддзяленне кампаніі PepsiCo па вытворчасці сокаў і нектараў. У сацсетках з'явіліся відэазапісы, знятыя пасля гэтага ў горадзе аўтамабілістамі.
На відэа бачны затопленыя сокам вуліцы горада. Патокі чырвона-бурага колеру цякуць па дарогах і сцякаюць у Дон. У некаторых месцах затапленне не вельмі моцнае — бачныя толькі невялікія лужыны соку, але на іншых вуліцах ён цячэ ракой.
Сцяканне соку ў Дон трывожыць эколагаў. У горадзе працуе прыродаахоўная пракуратура, у рэгіянальным упраўленні міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў заявілі, што ў горад выехала перасоўная лабараторыя для правядзення экалагічнай экспертызы.
Дах на складзе "Лебядзянскага" абрынуўся раніцай у панядзелак. Плошча абрушэння склала 400 метраў. Паведамляецца аб адным пацярпелым працоўным з траўмай галавы.
Яшчэ двое рабочых апынуліся заблакаванымі ў будаўнічай люльцы на вышыні 38 метраў, іх выратавалі. Пацярпелыя перададзены медыкам, заявілі ў мясцовым МНС.
Камбінат "Лебядзянскі" — былы кансервавы завод, пабудаваны ў 1967 годзе і ператвораны ў акцыянернае таварыства. У 2008 годзе каля 75% сокавага бізнесу "Лебядзянскага" купіла амерыканская PepsiCo.
Камбінат вырабляе морсы і кампоты "Северная ягода", сокі "Frustyle", "Я", “Tropicana”, "Тонус", "Фруктовый сад", "Привет", "Долька". Былы ўладальнік камбіната Мікалай Борцаў ("Адзіная Расія") у 2016 годзе стаў адным з самых заможных кандыдатаў Дзярждумы з амаль 605 мільёнаў рублёў даходаў.
Паводле ВВС