Расія. Наталля Паклонская ўзначаліць манархістаў?

Нейкі час таму на асобе эксцэнтрычнай дэпутаткі расійскай Дзярждумы з Крыму, сяброўкі фракцыі «Адзінай Расіі» амаль усе паставілі крыж.

1495842132_logo_1.jpg

Яе намеры забараніць прысвечаны Мікалаю ІІ фільм «Матыльда» яўна не спрыялі іміджу праўладнай партыі. Яшчэ больш, падавалася, маргіналізавала ў вачах Крамля Паклонскую яе крытыка пенсійнай рэформы. Паклонская была адзіным парламентарам ад «мядзведзяў», што галасавала супраць законапраекту. Аднак нечакана яна зноў апынулася ў фаворы. Пайшлі чуткі, нібы Паклонскай могуць прапанаваць ролю лідара адной з партый, якая паўстане на рэштках «Адзінай Расіі».

Лічыцца, што спыніць падзенне папулярнасці «Адзінай Расіі» — следства той самай непапулярнай пенсійнай рэформы, — практычна немагчыма. Пры гэтым закладнікам крызісу «Адзінай Расіі» можа быць Пуцін. Таму, быццам, існуе сцэнар падзелу партыі на дзве групоўкі: ліберальную і кансерватыўную, якую ўзначаліць Паклонская. Некаторыя эксперты нават кажуць, што новая партыя будзе называцца «Партыяй манархістаў».

Іншыя нагадваюць, што плёткі пра падзел «Адзінай Расіі»  на дзве і нават на чатыры партыі цыркулююць яшчэ з 2012 года. Аднак нават скептыкі пагаджаюцца з думкай, што «Адзіная Расія» як нейкі псеўдапартыйны каўпак з бюракратыі сябе ўжо зжыла.