Расія. Першыя затрыманні ў рамках акцыі Навальнага супраць карупцыі

Па ўсёй Расіі ўжо распачаліся і рыхтуюцца акцыі пратэсту супраць карупцыі, ініцыяваныя адным з лідараў апазіцыі Аляксеем Навальным. Сёння там выходны дзень, адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Расіі.

Аляксей Навальны (у цэнтры), архіўнае фота

Аляксей Навальны (у цэнтры), архіўнае фота

Акцыі пратэсту запланаваныя больш як у 200 гарадах; першымі на вуліцы выйшлі жыхары Далёкага Усходу. Там жа праваабаронцы зафіксавалі і першыя затрыманні. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Аляксея Навальнага.

Так, у цэнтры Уладзівастоку паліцыя затрымала некалькі актывістаў, у тым ліку дэпутата гарадской думы Юрыя Кучына. Аднаго з удзельнікаў аблілі зялёнкай, пакуль ён вёў жывую трансляцыю мітынгу ў сацыяльных сетках.

Здарыліся затрыманні і на акцыі ў Благавешчанску. Першым скруцілі актывіста, якія трымаў плакат «Расія без карупцыі». Таксама масавыя акцыі супраць карупцыі прайшлі ў Петрапаўлаўску-Камчацку, Паўднёва-Сахалінску, Магадане, Камсамольску-на-Амуры, Хабараўску, Барнауле.

У Казані гарадскія ўлады дазволілі акцыю а 7-й раніцы на ўскраіне гораду. Як паведаміла Эльвіра Дзмітрыева, каардынатарка рэгіянальнага штабу Навальнага, у ёй бяруць удзел паўтысячы чалавек.

Напярэдадні Аляксей Навальны заявіў, што ўзгоднены з мэрыяй мітынг на праспекце Сахарава не можа адбыцца праз тое, што ўлады забаранілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і відэаэкраны. Таму напярэдадні ён заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці а 14-й гадзіне на мірную акцыю ў цэнтры Масквы на Цвярской вуліцы. Маскоўская мэрыя назвала перанос незаконным і паабяцала жорстка рэагаваць на правапарушэнні. У гэты ж час адбудуцца выступы апазіцыі ў Санкт-Пецярбургу.

«Ну не хоча стары Пуцін, каб прайшлі нармальныя мітынгі ў двух найбуйнейшых гарадах — Маскве і Піцеры, — заявіў Аляксей Навальны. — Разумеем, чаму не хоча. Ён злодзей, і яму непрыемныя гучныя лозунгі супраць зладзеяў. Разумеем, але ад лозунгаў сваіх не адмовімся. Таму Масква — 14.00, Цвярская вуліца. Санкт-Пецярбург — 14.00, Марсава поле. Нічога не трэба баяцца. Закон, права, праўда і здаровы сэнс на нашым баку».

www.svaboda.org