Расія. Політэхнічны музей аштрафавалі за арганізацыю дзіцячых гурткоў
Політэхнічны музей аштрафаваны на 185 тысяч рублёў за арганізацыю дзіцячых адукацыйных гурткоў без ліцэнзіі, паведаміла пракуратура Масквы.
![7c34cf630e388e6c30175d14929ee37f.jpg 7c34cf630e388e6c30175d14929ee37f.jpg](/img/v1/userfiles/images/7c34cf630e388e6c30175d14929ee37f.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Такое рашэнне было прынята Сіманаўскай міжраённай пракуратурай па выніках праверкі па звароце аб парушэнні правоў непаўнагадовага пры правядзенні заняткаў у навуковым гуртку «Самы юны медык».
У ходзе праверкі, гаворыцца ў паведамленні пракуратуры, было ўстаноўлена, што навукова-адукацыйны праект «Навуковыя лабараторыі», які ўваходзіць у структуру музея, займаецца «адукацыйнай дзейнасцю па дадатковых агульнаадукацыйных праграмах, якая ў адпаведнасці з Федэральным законам Аб адукацыі ў РФ «падлягае ліцэнзаванню».
У Політэхнічнага музея, паведаміла пракуратура, няма ліцэнзіі на ажыццяўленне такой адукацыйнай дзейнасці, і ён не падаваў заяўку на яе атрыманне ў дэпартамент адукацыі Масквы.
Пракуратура распачала ў дачыненні да ФГБУК «Політэхнічны музей» справу аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 19.20 КаАП (ажыццяўленне дзейнасці, не звязанай з атрыманнем прыбытку, без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)). Музей быў аштрафаваны, а двое яго супрацоўнікаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Кіраўніцтва Політэхнічнага музея штраф за арганізацыю дзіцячых гурткоў без ліцэнзіі пакуль не пракаментавала.
У рамках адукацыйнага праекта «Навуковыя лабараторыі», паведамляецца на сайце Політэхнічнага музея, працуюць лабараторыі біялогіі, матэматыкі, робататэхнікі, хіміі, фізікі і Дзіцячы лекторый. Пры кожнай з лабараторый дзейнічаюць гурткі, разлічаныя на дзяцей рознага ўзросту.
Паводле meduza.io