Расія прыпыняе свае прадстаўніцтва ў NATO
З 1 лістапада Расія прыпыняе працу свайго прадстаўніцтва пры NATO. Пра гэта сёння заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
"У адказ на дзеянні NATO мы прыпыняем работу свайго пастаяннага прадстаўніцтва <...> , у тым ліку працу галоўнага ваеннага прадстаўніка, напэўна, з 1 лістапада ці, можа быць, гэта зойме яшчэ некалькі дзён", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі.
Таксама няпэўны час не будзе функцыянаваць вайсковая місія NATO ў Маскве, а інфармацыйнае бюро закрыюць.
"Калі ў натаўцаў паўстануць нейкія пільныя справы, то яны могуць звяртацца па гэтых пытаннях да нашага пасла ў Бельгіі, які забяспечвае двухбаковыя адносіны паміж Расіяй і Каралеўствам Бельгія", — сказаў кіраўнік ведамства.
Лаўроў падкрэсліў, што Масква "больш не будзе рабіць выгляд, што ў бліжэйшай перспектыве магчымыя нейкія перамены ў адносінах".
Альянс раней адклікаў акрэдытацыю ў васьмі супрацоўнікаў расійскага сталага прадстаўніцтва і скараціў колькасць дазволаў да дзесяці.