Расія. Следчы камітэт заявіў, што антыкарупцыйная акцыя была праплочаная
Удзельнікам несанкцыянаванай антыкарупцыйнай акцыі, якая прайшла напярэдадні ў Маскве, нібыта абяцалі ўзнагароджанне, заявілі ў Следчым камітэце.
"Следчы камітэт валодае аператыўнай інфармацыяй аб прапановах узнагароджання ў выпадку затрымання за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі 26 сакавіка ў Маскве не толькі падлеткам, але і іншым удзельнікам мерапрыемства", — заявіла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Святлана Пятрэнка.
Паводле яе слоў, праверка вядзецца ў рамках крымінальнай справы, распачатай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — "хуліганства", "замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа" і "ўжыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады".
Пра тое, што падлеткам, якія ўдзельнічалі ў мітынгах 26 сакавіка, нейкія асобы нібыта абяцалі грошы, калі іх затрымаюць, раней заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. "Ёсць пэўныя пацверджанні таму", — сказаў Пяскоў, аднак не распавёў, хто менавіта абяцаў грошы падлеткам.
Удзел у масавых мерапрыемствах за невялікае ўзнагароджанне (звычайна 300–500 рублёў, або 5–8 даляраў) — звычайная практыка ў выпадках з пракрамлёўскімі акцыямі. У інтэрнэце ёсць мноства відэазапісаў, якія пацвярджаюць гэта, аднак пра выпадкі крымінальнага пераследу за арганізацыю праплочаных мітынгаў у падтрымку расійскіх уладаў у расійскіх СМІ не паведамлялася.
Мітынг у Маскве 26 сакавіка стаў самай масавай акцыяй апазіцыі і адметны самымі масавымі з 1993 года затрыманнямі. Паводле афіцыйных дадзеных, у аўтазакі трапілі 600 чалавек. Праваабаронцы сцвярджаюць, што затрыманых было больш за тысячу.
Мітынгі супраць карупцыі прайшлі ў дзесятках гарадоў па ўсёй Расіі.
Падставай для пратэсту стала расследаванне "Фонду барацьбы з карупцыяй" Аляксея Навальнага пра нерухомасць і маёмасці, якімі карыстаецца прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў.
Аляксей Навальны, які атрымаў 15 сутак зняволення за супраціў паліцыі, за некалькі дзён да пачатку акцыі распаўсюдзіў праз сацсеткі абяцанне: "Напішу скаргу ў ЕСПЧ кожнаму, хто будзе незаконна затрыманы на мітынгах 26-га".
Ён нагадаў пра канстытуцыйнае права грамадзян на свабоду сходаў і пра незаконнасць забароны ўладамі мірных акцый.
"Дык вось я адказваю: калі затрымаюць, дык вы яшчэ і грошай заробіце. Вы ж ведаеце, я ўсе свае затрымання давёў да ЕСПЧ. І цяпер мне ўрад за ўсё плаціць даволі буйныя сумы", — напісаў Навальны.
Ні пра якую канкрэтную ўзнагароду за ўдзел у антыкарупцыйным мітынгу ў заяве Навальнага не гаворыцца.
Паводле ВВС