Расія заплаціць больш за 600 тысяч еўра за вяртанне ў Паралімпійскі камітэт
Міжнародны Паралімпійскі камітэт абяцае аднавіць сяброўства Расіі, калі ўсе крытэрыі будуць выкананы. Сродкі будуць накіраваны на фінансаванне дадатковага тэставання расійскіх спартсменаў.
![Чальцы Міжнароднага паралімпійскага камітэта на Паралімпіядзе-2016. Фота GETTY IMAGES Чальцы Міжнароднага паралімпійскага камітэта на Паралімпіядзе-2016. Фота GETTY IMAGES](/img/v1/userfiles/images/_92593360_gettyimages_607638686.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чальцы Міжнароднага паралімпійскага камітэта на Паралімпіядзе-2016. Фота GETTY IMAGES
Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC) апублікаваў спіс крытэрыяў аднаўлення сяброўства Паралімпійскага камітэта Расіі ў IPC. У прыватнасці, Расіі давядзецца выплачваць па 250 тысяч еўра за кожны год адхілення і 125 тысяч еўра ў год на працягу першых трох гадоў пасля аднаўлення сяброўства ў IPC.
Сродкі будуць накіраваны на фінансаванне дадатковага тэставання расійскіх спартсменаў. Гэтыя выдаткі выраслі ў сувязі з часовым выключэннем Паралімпійскага камітэта РФ.
Прэзідэнт IPC Філіп Крэйвен не ўстанаўлівае тэрмінаў аднаўлення сяброўства Паралімпійскага камітэта Расіі. Сяброўства будзе адноўлена ў той момант, калі IPC будзе ўпэўнены, што ўсе крытэрыі выкананы.
Нават калі прыпыненне сяброўства працягнецца толькі адзін год, сума, якую Расіі давядзецца выплаціць, перавысіць 600 тысяч еўра.
У лік іншых крытэрыяў аднаўлення сяброўства РФ уваходзяць выкананне патрабаванняў антыдопінгавай праграмы, забарона на працу ўрадавых чыноўнікаў у Паралімпійскім камітэце РФ і іншыя.
7 жніўня Міжнародны паралімпійскі камітэт абвясціў аб рашэнні адхіліць зборную Расіі ад Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра.
Крэйвен заяўляў, што такое рашэнне было прынята на падставе дакладу Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) аб заахвочванні прымянення допінгу на дзяржаўным узроўні ў Расіі.
Кіраўнік IPC адзначаў, што ўлады падставілі сваіх паралімпійцаў. Паралімпійскі камітэт Расіі паспрабаваў абскардзіць рашэнне IPC у Федэральным судзе Швейцарыі, але суд пазоў адхіліў.
Паводле ВВС