Расія. Манархісты хацелі б прытуліць Сноўдэна ў імперыі
Заснавальнік расійскай Манархісцкай партыі алігарх Антон Бакаў прапанаваў Эдварду Сноўдэну стаць грамадзянінам Расійскай Імперыі.

Антон Бакаў
Гаворка не ідзе пра імперыю ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Імперыя была выключна на словах адноўленая Бакавым з сябрамі два гады таму. Каб ніхто не сказаў, што Расійская Імперыя — гэта віртуальная дзяржава, Бакаў набыў пад яе адзін з атолаў у Ціхім Акіяне.
Напэўна, туды і адправіцца Эдвард Сноўдэн, калі экс-супрацоўнік ЦРУ пагодзіцца перайсці ў падданыя імперыі. Праўда, пытаць у яго ніхто і не збіраецца. У пастанове «Аб выратаванні Сноўдэна Эдварда», якая апублікаваная на сайце Расійскай Імперыі, гаворыцца катэгарычна: а) «адправіць выратавальную экспедыцыю ў транзітную зону аэрапорта Шарамецьева», б) «надаць Сноўдэну Эдуарду Леанідавічу падданства Расійскай Імперыі».
Паводле расійскай прэсы