Расійцы ў Бучы згвалтавалі прынамсі 25 украінак, у тым ліку непаўналетніх. Некаторыя цяпер цяжарныя
Украінскі амбудсмэн Людміла Дзянісава заявіла, што задакументавана прыкладна 25 выпадкаў згвалтавання, якія расійскія вайскоўцы здзейснілі падчас акупацыі Бучы на Кіеўшчыне. Пра гэта яна распавяла ў каментары BBC, піша Hromadske.

Паводле яе слоў, на дадзены момант вядома прыкладна пра 25
дзяўчат і жанчын 14-24 гадоў, якіх неаднаразова гвалтавалі расійскія вайскоўцы
ў падвале дома ў Бучы. Дзянісава адзначыла, што дзевяць пацярпелых цяжарныя.
Яна распавяла, што жанчыны паведамляюць пра сэксуальны гвалт
на гарачыя лініі або ў боты ў Telegram. Аднак ацаніць маштабы сэксуальных
злачынстваў зараз немагчыма, паколькі не ўсе гатовыя расказаць.
«Большасць з пацярпелых цяпер звяртаюцца за псіхалагічнай падтрымкай, таму мы не можам зафіксаваць гэта як злачынствы, калі яны не дадуць нам сваіх паказанняў», — сказала Дзянісава.