Reuters: Расія нанесла авіяўдары па Сірыі, ёсць ахвяры
Авіяцыя Расіі і рэжыму Башара Асада нанесла ўдары па папулярным рынку і жылых кварталах аднаго з гарадоў Сірыі. Забітыя па меншай меры 20 чалавек.
![Фота: кадр з відэа Фота: кадр з відэа](/img/v1/images/siryja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: кадр з відэа
Не менш за 20 чалавек загінулі ў выніку паветраных удараў па папулярным
рынку і жылых кварталах аднаго з галоўных гарадоў пад кантролем паўстанцаў на
паўночным захадзе Сірыі. Пра гэта агенцтву Reuters распавялі ратавальнікі і мясцовыя
жыхары.
Атакі, якія, як мяркуюць, здзейснілі сірыйскія або расійскія самалёты, былі нацэленыя на Маарат аль-Нуман — густанаселены горад на поўдні правінцыі Ідліб. Паведамляецца пра дзясяткі пацярпелых і разбурэнні.
"Целы ляжаць на вуліцах. Няхай Бог адплаціць Пуціну і Асаду за іх злачынствы", — сказаў Абдул Рахман аль-Ясер, выратавальнік з грамадзянскай абароны Ідліба, які шукаў целы пад заваламі.
Ажыўленыя рынкі і жылыя раёны часта станавіліся мішэнямі падчас кампаніі, якую праводзяць Расія і Сірыя з канца красавіка.
Як піша турэцкае дзяржаўнае агенцтва Anadolu, авіяцыя Расіі і рэжыму Башара Асада нанесла ўдары па населеных пунктах Маарат аль-Нума, Быдама, Кенбіне і пасёлку Тэль-Меніш у правінцыі Ідліб.
Як паведамляюць крыніцы ва ўзброенай апазіцыі, удары па Маарат аль-Нуману нанеслі Паветрана-касмічныя сілы Расіі.
Паводле korrespondent.net