Сербія. Першы міністр з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй
Прозвішча новага міністра дзяржадміністрацыі Сербіі не сыходзіць з мясцовых інфармацыйных стужак — 40-гадовая Ана Брнабіч стала першым у сербскай гісторыі міністрам з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Фота www.lifo.gr
Сербія лічыцца адной з самых кансерватыўных краін на Балканах, і такое прызначэнне выклікала лагічную агрэсіўную рэакцыю мясцовых рэтраградаў, якіх актыўна падтрымлівае праваслаўная царква. Па словах гамафобаў, міністэрская пасада Брнабіч — зандаж грамадскай думкі. Пасля Брбаніч, маўляў, усе міністэрствы будуць перапоўненыя гомасексуалістамі і лесбіянкамі. Гучаць нават заклікі гвалтоўна вылечыць Ану ад «хваробы».
Што тычыцца прэм’ера Аляксандра Вучыча, ён тлумачыць свой выбар прафесійнымі якасцямі Брнабіч. Тая мае за плячыма вучобу ў амерыканскіх і англійскіх ВНУ, працу ў бізнесе. Цікава, што новы міністр не з’яўляецца сябрам ніводнай партыі, уключаючы ўрадавую.
Застаецца дадаць, што апазіцыя лічыць з’яўленне Брнабіч у складзе ўраду задумкай піяршчыкаў Вучыча, які намагаецца за кошт тэмы лесбіянак прыцягнуць інтарэс да свайго кабінета. Як і ў шматлікіх краінах Усходняй Еўропы, у Сербіі людзі паступова губляюць інтарэс да палітыкі.