Сертыфікацыя «Спутника V» зацягваецца: Масква не перадала СААЗ неабходныя дакументы

Масква не здолела падаць у Сусветную арганізацыю аховы здароўя дакументацыю, неабходную для сертыфікцыі вакцыны ад COVID-19 «Спутник V». Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

orig_227_1639208874.jpeg


Раней расійскія дзяржаўныя СМІ намякалі, што СААЗ не рэгіструе прэпарат праз палітычную сітуацыю. Уладзімір Пуцін у лістападзе заявіў, што арганізацыя магла б паскорыць працэс сертыфікацыі, сказаўшы, што многія краіны не могуць атрымаць доступ да імунізацыі «праз недобрасумленную канкурэнцыю», паведамляе Радыё Свабода.

У Расіі прэпарат зарэгістраваны ў жніўні 2020 года. Працэс ухвалення ў СААЗ пачаўся вясной. Паводле Пяскова, у Масквы і арганізацыі «было рознае разуменне, якая менавіта мае быць інфармацыя і як яна павінна падавацца». Але расійскі бок «паступова адаптуецца да гэтых патрабаванняў», а праца ідзе далей.

СААЗ зарэгістравала сем вакцын ад COVID-19 — амерыканскія Pfizer-BioNTech, Moderna і Janssen, брытанскую AstraZeneca, кітайскія «Сінафарм» і CoronaVac і індыйскую Covaxin. Яшчэ пяць, у тым ліку «Спутник V», праходзяць сертыфікацыю.

Ухваленне прэпарата можа дапамагчы спрасціць перамовы аб узаемным прызнанні сертыфікатаў вакцынацыі паміж Расіяй і іншымі краінамі. Акрамя таго, СААЗ можа ўключыць сертыфікаваныя вакцыны ў праграмы масавых закупак.