Сенат ЗША адобрыў ваенную дапамогу Украіне на 300 млн долараў
Верхняя палата кангрэса ЗША прыняла законапраект аб выдатках на абарону на 2016 год, у якім прадугледжана выдзяленне 300 млн долараў на ваенную дапамогу Украіне, паведаміў пасол Украіны ў ЗША Валерый Чалы.
Па словах Чалага, дакумент дазваляе міністру абароны ЗША ў каардынацыі з дзяржаўным сакратаром аказаць ваенную дапамогу на гэтую суму.
«50 млн долараў з названай сумы можа быць выкарыстана для прадастаўлення нашай краіне абарончых узбраенняў», — растлумачыў Чалы на сваёй старонцы ў Facebook.
У прыватнасці, Кіеву могуць быць перададзены беспілотнікі, сродкі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы. Частка сродкаў можа быць накіравана на навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў.
Агульны аб'ём ваенных выдаткаў ЗША на будучы год, згодна з дакументам, складзе 612 млрд долараў.
600 млн долараў дазволена выдзеліць для фінансавання праграмы навучання байцоў умеранай сірыйскай апазіцыі, яшчэ 715 млн прадугледжана для дапамогі іракскай арміі ў барацьбе з экстрэмісцкім рухам «Ісламская дзяржава».