Сепаратысты не прымаюць мірны план Парашэнкі
Ваяўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» адмаўляюцца скласці зброю, як гэта прапанавана ў плане аб мірным урэгуляванні прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Пра гэта ў эфіры расійскага тэлеканалу «Дождь» заявіў адзін з лідэраў прарасійскіх сепаратыстаў Данбасу Дзяніс Пушылін.
15 траўня ён быў прызначаны старшынём прэзідыюму Вярхоўнага савету самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі», гэта лічыцца найвышэйшай пасадай у сепаратысцкім
утварэнні.
Цяпер Пушылін знаходзіцца ў Маскве.
«Я лічу гэтую прапанову бессэнсоўнай. Вось што атрымліваецца: яны спыняюць агонь, мы раззбройваемся, і яны нас прымаюць бяззбройнымі. Зыходзячы з яго логікі, з логікі Кіева гэта павінна
быць такім чынам», — пракаментаваў прапанову прэзідэнта Украіны Дзяніс Пушылін.
Пры гэтым ён дадаў: «Наўрад ці гэта прывядзе да канструктыву. Нас цікавіць, каб нашу тэрыторыю пакінулі акупанты. Якія нас зараз планамерна знішчаюць».
Ён таксама заявіў, што не давярае Парашэнку.
Паводле рашэння ўкраінскіх уладаў, Пушылін знаходзіцца ў крымінальным вышуку.
Сёння прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ўкраінскае войска ў аднабаковым парадку спыніць агонь на ўсходзе краіны, каб даць магчымасць незаконным узброеным фармаванням раззброіцца, а
расійскім наймітам пакінуць краіну.
svaboda.org