СМІ: У Сірыі загінулі ці атрымалі раненні беларускія вайсковыя спецыялісты

У Сірыі загінулі ці атрымалі раненні вайсковыя спецыялісты з Беларусі, Паўночнай Карэі, Сірыі і Ірана. Пра гэта паведамляе ізраільскі сайт Debka са спасылкай на крыніцы ў "заходніх вайсковых выведках", піша euroradio.fm.

masayf_syria_iaf_19.4.19.jpg


Здарэнне адбылося 13 красавіка ў выніку ізраільскіх авіяўдараў па вайсковых аб'ектах.
Адзін з удараў быў нанесены па Сірыйскім цэнтры навуковых даследаванняў і распрацовак у горадзе Масьяф. Практычна цалкам знішчаныя будынкі прамысловага комплексу, у якім працавалі беларусы і спецыялісты з КНДР. Яны займаліся мадэрнізацыяй ракет наземнага базавання для Сірыі і "Хэзбалы", усталяваннем новых сістэм дакладнай навігацыі.
Сцвярджаецца, што беларускіх спецыялістаў наняла на працу Сірыйская арганізацыя тэхналагічных вытворчасцяў. Яны, нібыта, трапілі ў Сірыю праз дзяржкампанію Белзнешпрамсервіс. Еўрарадыё паспрабавала там атрымаць каментар, але яны адмовіліся гаварыць на гэтую тэму.
Пазней прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў сказаў Еўрарадыё наступнае: "Я магу афіцыйна пацвердзіць і заявіць, што ні адзін вайсковец Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь не знаходзіцца ў Сірыі, акрамя аднаго толькі ваеннага аташэ".