Спрацуюць эканамічныя санкцыі

Захад шукае варыянты, як адказаць Пуціну на яго агрэсіўныя дэмаршы ва Украіне. Прапануем агляд заходняй прэсы. Адна з любімых цяперашніх тэмаў заходніх журналістаў — смяяцца з палітыкаў, якія гучна абяцаюць паказаць Пуціну яго месца.



mira_armiy_moschnyh_eto_interesno_poznavatelno_kartinki_3086525437.jpg

 Большасць СМІ канстатуе, што, хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ўсё абмяжуюцца фразамі пра нейкія рубіконы, якія Пуціну нельга пераходзіць.

«Будзем шчырымі. Адна справа — казаць, што захоп Расіяй Крымскага паўвостраву супярэчыць міжнароднаму праву, як заяўляюць многія навуковыя мужы з міністэрстваў знешніх спраў. Зусім іншая — зрабіць нешта рэальнае ў гэтых адносінах, — піша «The Washington Post». — Няма сэнсу бразгаць зброяй, калі ўвесь свет ведае, што ты не збіраешся яе ўжываць. Не існуе такой ваеннай пагрозы, якая магла б прымусіць Пуціна здаць Крым, калі ён сам таго не захоча. Расія — гэта далёка не Савецкі Саюз, але яна застаецца звышдзяржавай, чый ядзерны арсенал здольны стварыць пагрозу для існавання любога суперніка. У свеце мала краін, якія немагчыма напалохаць і прымусіць, скажам, раптоўным з'яўленнем на гарызонце амерыканскіх авіяносцаў. Расія — адна з іх».

Аднак суровы рэалізм не здымае з павесткі дня пытанне: што рабіць далей? «Ніхто не ведае, якія планы ў Пуціна, але, на жаль, ён мае шмат варыянтаў. Ён можа патрабаваць большай аўтаноміі для Крыму, або далучыць яго наўпрост, або даць інструкцыю крымскім рускім, каб яны абвясцілі «незалежнасць» накшталт таго, як зрабілі грузінскія правінцыі Абхазія і Паўднёвая Асеція. Ён можа паглыбіць эканамічныя праблемы Украіны за кошт павышэння коштаў на газ і ўзмацнення жорсткасці памежнага кантролю. Перад тым, як пайсці на кожны такі крок, Пуцін павінен ведаць, што, зрабіўшы яго, ён і ягоны ўрад стануць яшчэ большымі ізгоямі», — лічыць «The New York Times».

Што тычыцца канкрэтных учынкаў, то «The New York Times» раіць заходнім дзяржавам «забяспечыць хуткую і істотную падтрымку ўраду ў Кіеве, чыю казну спустошыў Януковіч».

Свой рэцэпт прапануе і «The Washington Post». На старонках газеты пералічаны шэраг крокаў, якія трэба будзе зрабіць ЗША і Еўропе для стабілізацыі сітуацыі. Сярод іх: стрымліванне Пуціна ў імкненні пашырыць сферу свайго ўплыву, разгортванне сіл NАТО ў Польшчы, краінах Балтыі і Румыніі, прапанова ЕС заключыць пагаднення аб асацыяцыі і прасоўванне інтэграцыі з Грузіяй, Малдовай і Украінай і перспектывы сяброўства ў ЕС для гэтых краін, блакада ўступлення Расіі ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, замарожванне ваенна-прамысловага супрацоўніцтва.

А вось нямецкая «Der Welt» верыць у эфектыўнасць эканамічных санкцый. «Der Welt» піша: «Магчымыя санкцыі з боку краін «Вялікай Сямёркі», якія пагражаюць Расіі эканамічнай і палітычнай ізаляцыяй, прывядуць да яшчэ больш моцнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне, насельніцтва якой з-за мяжы ўвозіць больш за палову тавараў. Наступствы ад гэтых санкцый адчуюць на сабе ўсе галіны расійскай эканомікі за выключэннем газавай».

Брытанская «Financial Times» не супраць эканамічных санкцый: «Прэзідэнт Барак Абама і лідары ЕС паспяшаліся адмовіцца ад ідэі ваеннага адказу, і правільна зрабілі. Але ў Захаду ёсць мноства эканамічных інструментаў, каб ўскладніць жыццё эліце Расіі. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Пуцін і яго атачэнне часцяком выкарыстоўвалі рыторыку халоднай вайны, спажываючы прадукты глабалізацыі. Цяпер яны, магчыма, сутыкнуцца з выбарам: можна атрымаць новую халодную вайну або атрымаць доступ да багаццяў Захаду. Альбо першае, альбо другое».

Іншае брытанскае выданне, «The Guardian», звяртае ўвагу на тое, што тэма антыпуціснкага рэваншу стала адной з самых важных тэмаў прэзідэнцкай кампаніі 2016 года. Пры гэтым яна цытуе аднаго з фаварытаў на пасаду кандыдата ад рэспубліканцаў Марка Рубіа. Апошні заклікае Абаму «ўмацаваць часовы ўрад у Кіеве» і адрадзіць планы былога прэзідэнта Джорджа Буша па стварэнні супрацьракетнага шчыта ў Польшчы.

На гэтым Рубіа не спыніўся. На старонках часопісу «Politiko» рэспубліканец прапанаваў цэлы комплекс мер супраць Крамля: «Правесці тэрміновае пасяджэннеNАТО, на якім неабходна выпрацаваць стратэгію дзеянняў блоку ў дачыненні да Расіі. Накіраваць амерыканскіх прадстаўнікоў у краіны Еўрасаюза і Цэнтральнай Еўропы, каб пераканацца, што іх лідары цалкам падтрымліваюць курс ЗША, пашырыць спіс Магніцкага за кошт прозвішчаў шматлікіх расійскіх чыноўнікаў. І, нарэшце, Марка Рубіа прапануе прыняць уNАТО Грузію, адначасова ўзмацніўшы яе абарончым комплексам».

А вось «The Daily Telegraph» прапануе ўвогуле нічога не рабіць, паколькі Пуцін, паслаўшы войска ў Крым, сам уключыў таймер на часавай міне пад сваім рэжыма:

 «Ніколі не перашкаджайце свайму ворагу, калі ён памыляецца», — казаў Напалеон. Захапіўшы Крым, Уладзімір Пуцін здзейсніў памылку; гэтым ён толькі абвастрыў крызіс у Расіі, які выспяваў на працягу многіх месяцаў. Прасоўванне Пуціна ў Крым — следства яго больш глыбокай памылкі наконт таго, што можна вярнуць назад працэс, які прывёў да распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Па меры таго, як Расія ўвязваецца ў гэтую рэваншысцкую стратэгію, сітуацыя ў краіне будзе пагаршацца. Цалкам магчыма, што хутка пуцінская Расія зробіць больш пралікаў, і мы можам стаць сведкамі ланцуга памылак. Такія пралікі вядуць да катастрафічных наступстваў».

Будзе неэтычна не агучыць думку тых, хто выступае за кампраміс з Масквой. «У любым выпадку, улады ЗША не павінны рабіць сваю знешнюю палітыку закладніцай падзеяў ва Украіне. Пагрозы на адрас Расіі прывядуць толькі да пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Такімі дзеяннямі Злучаныя Штаты «пакараюць» сябе, пазбавіўшыся ўсіх дыпламатычных механізмаў у дачыненні да Ірана і Сірыі пры ўдзеле Расіі. Абама не павінен ставіць пад небяспеку адносіны Захаду і Масквы, а наадварот — прапанаваць Пуціну выхад з сітуацыі ў Крыме», — такое меркаванне выказвае выданне «The American Conservative».

Калі займацца голай калькуляцыяй, то відавочна, што большасць СМІ, палітыкаў і каментатараў выступаюць за эканамічныя санкцыі. Хутчэй за ўсё, іх і ўвядуць. Як яны будуць выглядаць і які будзе ад іх эфект, пакуль, на жаль, нельга прагназаваць. Адно можна сказаць дакладна — інтарэс да нашага рэгіёну на Захадзе за нейкі тыдзень вырас каласальна з усімі магчымымі наступствамі і для Беларусі.