Стрыптыз за Пуціна
Па меры набліжэння афіцыйнага старту выбараў расійскага прэзідэнта ў краіне набірае моц стрыптыз з палітычным падтэкстам. Цалкам сфармаваныя ў анатамічным сэнсе дзяўчаты абяцаюць парваць на сабе ўсё што можна ў імя любові да кіраўніцтва краіны. Апазіцыя ў адказ таксама распранаецца.
Па меры набліжэння афіцыйнага старту выбараў расійскага прэзідэнта ў краіне набірае моц стрыптыз з палітычным падтэкстам. Цалкам сфармаваныя ў анатамічным сэнсе дзяўчаты абяцаюць парваць
на сабе ўсё што можна ў імя любові да кіраўніцтва краіны. Апазіцыя ў адказ таксама распранаецца.
У сярэдзіне ліпеня ў папулярнай расійскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з’явіліся заклікі да маладых жанчын. Ім прапанавалі ўступіць у «Войска Пуціна».
Асноўная задача «навабранцаў» — аказваць падтрымку прэм’еру на выбарах 2012 года. Сваю адданасць кіраўніку расійскага ўрада актывісткі гатовыя былі выказаць тым,
што парвуць на сабе вопратку.
«Войска Пуціна» — аб’яднанне маладых дзяўчын, якія «парвуць» за Пуціна. «Мы пакажам, што Уладзіміра Уладзіміравіча
падтрымліваюць шматлікія, у тым ліку прыгожыя, маладыя і разумныя дзяўчаты! Пуцін — сумленны палітык, а таксама і шыкоўны Мужчына!» — гаварылася ў маніфесце групы.
Адначасова на старонцы групы адзначалася, што запісвацца туды могуць выключна дзяўчыны без комплексаў.
Прэм’ера «Войска Пуціна» адбылася 21 ліпеня перад галоўным будынкам МДУ. Дзяўчаты правялі акцыю «аўтамойка», падчас якой яны, апранутыя ў бікіні,
бясплатна мылі аўтамабілі расійскай вытворчасці. Як растлумачылі ўдзельніцы акцыі, такім чынам яны падтрымалі расійскі аўтапрам — адну з любімых фішак Пуціна. Нягледзячы на знешні эфект,
журналісты засталіся расчараваныя. Абяцанне парваць на сабе адзежу за кіраўніка ўраду выканала толькі адна дзяўчына, якая, як пісала прэса, была ў «несэксуальным
бюстгальтары».
Аднак аўтамойка ўсё роўна нарабіла шуму. Таму 4 жніўня на палітычную арэну выйшла група фанатаў Мядзведзева. Прыхільніцы прэзідэнта, якія называлі сябе Medvedev girls, у Новапушкінскім скверы
выказвалі мінакам гатоўнасць зняць з сябе адзенне ў абмен на піва. Такім чынам яны выказвалі салідарнасць з прэзідэнцкім законам аб забароне распіцця піва ў грамадскіх месцах. Для таго, каб дзяўчына
цалкам стала ню, трэба было набыць ёй 6 літраў піва. Хаця ахвотнікаў мяняць піва на адзенне не знайшлося, тры дзяўчыны ўсё роўна распрануліся да бялізны. Нарэшце, 8 жніўня прыхільніцы прэзідэнта РФ і
прэм’ер-міністра РФ зліліся ў адзіным парыве і пракаціліся па цэнтру Масквы на двухмесных веласіпедах. На гэты час прэса ўжо пранюхала, што «Войска Пуціна» — гэта
праект пракрамлёўскага моладзевага руху «Наши».
Нягледзячы на малую колькасць удзельніц усіх апісаных акцый, яны набылі значны рэзананс. Расійскі інтэрнэт ахвотна каментуе новы піяр-крок улады, які ўжо атрымаў назву «гламурны
патрыятызм». Рэакцыя ў большасці негатыўная.
«Медвепуты аплачваюць голы піяр. Маладыя дзяўчыны агаляюцца за падарункі. Некаторыя робяць гэта бясплатна. У любым выпадку, заахвочваецца жаданне распранацца. У кожнай прыстойнай краіне
такія акцыі кампраметуюць уладу, але не ў нас! Яны, наадварот, атрымліваюць розгалас у прэсе. Заўважце, па краіне ў апошні час пракацілася хваля страйкаў. Пра некаторыя з іх можна знайсці інфармацыю
толькі ў дзённіках людзей, якія былі сведкамі гэтых акцый. Замест гэтага нам паказваюць дзяўчын у бікіні, якія падтрымліваюць прэзідэнта і экс-прэзідэнта», — піша адна блогерка.
Як і трэба было чакаць, не знаходзяць сабе месца абаронцы маралі. Вось прыклад іхняга тыповага каментару: «Мы забыліся, што руская жанчына заўсёды лічылася эталонам прыгажосці, цноты,
душэўнасці, адданасці. Пасля развалу СССР дэградавала ўсё. Як краіна, так і грамадства. «Войска Пуціна» таму лепшы прыклад. Ходзяць напалову голыя дзеўкі без сораму і сумлення, і ў
дадатак заклікаюць ірваць на сабе адзенне за гэтых сумнеўных персанажаў — Пуціна і Мядзведзева. Куды падзелася прыстойная расійская дзяўчына? Хаця, які поп, такі і прыход».
Асабліва абураюцца бацькі, якія маюць дачок. «Як маці скажу, што, калі б мая дачка, вываліўшы голыя сіські і зад, гарлапаніла: «Парву за Пуціна!», я б сваімі рукамі
задушыла прастытутку ганебную!» — піша адна маці.
Як ні парадаксальна гучыць — тое, як эмацыйна і масава народ рэагуе на дастаткова сціплыя акцыі аматарак Пуціна, кажа пра эфектыўнасць палітычнага стрыптыз-піяру. Гэта нешта новае ў
расійскіх палітычных тэхналогіях. Як слушна адзначае «Figaro»: «У Расіі, дзе фемінісцкіх ініцыятыў практычна няма, выкарыстанне жаночага цела ў камерцыйных ці палітычных
мэтах — распаўсюджаная практыка. Мужчынам падабаецца жаночае цела, таму гэта добры спосаб прыцягнуць іх увагу». Гэта, здаецца прызнае нават антыпуцінская апазіцыя, якая спачатку
называла дзяўчын з «Войска Пуціна» самымі пахабнымі словамі.
У сетцы «ВКонтакте» аператыўна створана група супраць «Войска Пуціна». У паведамленні антыарміі гаворыцца, што яе сябры лічаць праект «Парву за
Пуціна» «праплачанай ідэяй урада або чарговым трызненнем мажораў». Сябры антыарміі Пуціна таксама гатовыя рваць на сябе адзенне, аднак, наадварот, у знак пратэсту супраць
ВВП.
Пакуль антыармія толькі збіраецца нешта рваць, радыкальная апазіцыя дзейнічае. 5 жніўня ў інтэрнэце з’явіўся ролік ад дзяўчын з пецярбургскага аддзялення незарэгістраванай партыі Эдуарда
Лімонава «Другая Расія». Феміны абвясцілі «стрыптыз-бітву» красуням, якія падтрымліваюць прэм’ера. Бітва заключалася ў тым, што маладыя апазіцыянеркі,
апранутыя ў чорныя міні-сукенкі, чорныя туфлі на абцасах, стралялі ў ціры па драўляных фігурках мядзведзя, на якіх чырвоным было напісана «Партыя жулікаў і злодзеяў». Пасля гэтага
яны разарвалі на грудзях сукенкі, пад якімі былі белыя станікі з малюнкам гранаты «лімонкі» — знак забароненай Нацыянал-бальшавіцкай партыі Лімонава. Мяркуючы па ўсім, гэты
ролік не апошні. Таксама можна чакаць стварэння новых стрыптыз-армій.
Імклівая эратызацыя расійскай палітыкі ўжо стала аб’ектам шэрагу артыкулаў у сур’ёзнай прэсе. «Независимая газета» лічыць, што гламурны патрыятызм —
моцная зброя супраць распаўсюду апазіцыйных настрояў у рускім сегменце інтэрнэта напярэдадні выбараў. Дзеўкі ў бікіні — добрая канкурэнцыя сумным антыўрадавым артыкулам, якія і без таго усім
надакучылі.
А вось для амерыканскага часопісу «Foreign Policy» тыя бікіні — знак новай стадыі эвалюцыі пуцінскай Расіі: «Мы можам з пажадай глядзець на юных лаялістак, якія
дасягнулі піку палавой сталасці; назіраць за Пуціным, які падчас свайго трэцяга за ўсё жыццё апускання з аквалангам адшукаў грэчаскую амфару шостага стагоддзя (і апынуўся сапраўдным
экспертам-археолагам, якія здолелі ўсталяваць яе ўзрост). Мы можам таксама зрабіць сабе прызнанне ў тым, што ў Расіі, якая перажыла нядоўгі і непрыемны перыяд постсавецкай дэмакратыі, больш няма
палітыкі».
Сапраўды, ёсць думка, што цяперашні выбух гламуру з’яўляецца толькі размінкай. Пік палітычнага стрыптызу, як піша выданне «Глобалист», «прыпадзе на кульмінацыйны
момант выбарчай кампаніі, калі ўзнікне сталы попыт на паненак, якія крычаць «ура» і кідаюць у паветра чэпчыкі ці іншыя прадметы гардэроба».