Супрацоўнікаў ААН абвінавацілі ў дапамозе ХАМАС і ва ўдзеле ў нападзе на Ізраіль

«Адзін з закладнікаў ХАМАС пасля вызвалення распавёў, што яго трымалі ў доме супрацоўніка UNRWA». UNRWA — блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA), найбуйнейшая арганізацыя, якая займаецца гуманітарнымі праграмамі ў сектары Газа, пазбавілася адразу некалькіх крыніц фінансавання. Прычынай стала інфармацыя аб тым, што супрацоўнікі UNRWA ўдзельнічалі ў нападзе ХАМАС супраць Ізраіля 7 кастрычніка 2023 года. Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на Financial Times.

Адразу некалькі дзяржаваў заявілі аб прыпыненні фінансавання агенцтва ААН UNRWA. Гэта Вялікабрытанія, ЗША, Нямеччына, Італія, Фінляндыя, Аўстралія і Канада.

Зараз у ААН праходзіць унутранае расследаванне, якое павінна ўсталяваць, ці былі датычныя некаторыя супрацоўнікі агенцтва да нападу на Ізраіль.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што ў сувязі з гэтымі абвінавачваннямі дзевяць супрацоўнікаў агенцтва былі звольненыя. Яшчэ адзін падазраваны мёртвы, і асобы яшчэ дваіх зараз высвятляюць.

Глядзіце таксама

Антоніу Гутэрыш заклікаў дзяржавы не спыняць фінансаванне UNRWA, бо, паводле яго слоў, ад гэтага залежыць выжыванне двух мільёнаў жыхароў сектара Газа.

UNRWA — агенцтва ААН, у якім працуе каля 30 тысяч чалавек, з іх у сектары Газа — 13 тысяч. Агенцтва займаецца гуманітарнай дапамогай, а таксама забяспечвае працу школ, бальніц і лагераў для палестынскіх бежанцаў. У школах, якія знаходзяцца пад кіраваннем UNRWA, зараз размяшчаецца грамадзянскае насельніцтва, якое спрабуе схавацца ад ізраільскай ваеннай аперацыі ў сектары Газа.

Былы амбасадар Ізраіля ў Вялікабрытаніі Марк Рэгеў заявіў BBC, што настаўнікі ў школах, якія кантралюе UNRWA, адкрыта святкавалі момант нападу ХАМАС на Ізраіль.

Таксама, паводле яго слоў, адзін з закладнікаў ХАМАС пасля вызвалення распавёў, што яго трымалі ў доме супрацоўніка UNRWA.

У той самы час Нарвегія вырашыла не спыняць фінансаванне агенцтва ААН. Генеральны камісар UNWRA Філіп Ладзарыні таксама заклікаў краіны, якія спынілі фінансаванне, змяніць сваё рашэнне.

Глядзіце таксама