Суркісы незаконна вывезлі з Украіны мільёны долараў наяўнымі. На мытнікаў завялі справу

Суркісы маглі незаконна вывезці наяўнымі каля 17 мільёнаў долараў, паведамляюць украінскія СМІ.

Рыгор і Ігар Суркісы. Фота: УНІАН

Рыгор і Ігар Суркісы. Фота: УНІАН

Украінскае дзяржаўнае бюро расследаванняў завяло справу на мытнікаў, якія выпусцілі з Украіны бізнесоўцаў Рыгора і Ігара Суркісаў без адпаведных праверак. Як высветлілася, яны незаконна вывезлі з краіны вялікія сумы наяўных грошай.

Паведамляецца, што інспектары мытнага паста прапусцілі аўтамабілі Суркісаў без праверкі.

"26 лютага 2022 года ў зону мытнага кантролю прыбылі два аўтамабілі, за рулём якіх знаходзіліся Рыгор і Ігар Суркісы з чатырма пасажырамі ў кожнай машыне. Інспектары не агледзелі багаж і асабістыя рэчы, не выканалі іншыя дзеянні, прадугледжаныя заканадаўствам падчас ваеннага становішча. Дэклараванне якіх-небудзь сродкаў і рэчаў пры мытным афармленні названымі асобамі не праводзілася", — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час на венгерскай мытні Суркісы задэкларавалі ўвоз вялікай сумы наяўных грошай. На мытнікаў адкрылі справу за злоўжыванне ўладай або службовым становішчам з цяжкімі наступствамі.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, Суркісы маглі вывезці наяўнымі каля 17 мільёнаў долараў.