Сусветныя цікавосткі: сабака-рэвалюцыянер, жаніцьба сына прэзідэнта, Смаленск — футбольная сталіца Беларусі

Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

download_276.jpeg

Подзвіг сабакі

Левая грамадскасць і аматары жывёл Чылі адзначылі незвычайную дату. Тры гады таму сабака па мянушцы Rucio Capucha быў паранены паліцэйскім вадамётам падчас акцыі пратэсту супраць росту коштаў у Сант'яга.
 Хоць Rucio Capucha быў звычайнай бяздомным дварнягам, гэта падзея выклікала велізарны рэзананс па ўсёй краіне. Раней сабака далучыўся да пратэстоўцаў і хадзіў на ўсе іх акцыі. Што і нядзіўна, бо паліцыянты ў Чылі вельмі кепска ставяцца да вулічных жывёл. Так ці інакш, падчас пратэстаў Rucio Capucha не толькі стаў улюбёнцам актывістаў, але і праславіўся на ўсю краіну.



Паліцыянты асабіста зненавідзелі жывёлу і ў адзін з лістападаўскіх дзён адмыслова накіравалі на яго струмень з вадамёта. З-за моцнага ўдару ў сабаку была зафіксаваны праблема левага лёгкага. Многія баяліся, што ён увогуле памрэ. На дапамогу прыйшлі студэнты-ветэрынары, якія паклапаціліся пра Rucio Capuchа. Сабаку ўдалося выжыць. Больш за тое — затым знайшліся людзі, якія ўзялі яго да сябе. Праз тры гады пасля выратавання ветэран пратэснага руху шчасліва жыве ў адной чылійскай сям'і.
Па матэрыялах іспанскай прэсы

Вяселле прынца

Ажаніўся адзіны сын і верагодны спадчыннік прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева — Гейдар. Праўда, мерапрыемства было вельмі кулуарным. Пра вяселле стала вядома з нататкі ў Instagram, якую напісала 26 лістапада першая лэдзі краіны Мехрыбан Аліева. «У вузкім сямейным коле мы справілі вяселле нашага сына Гейдара. (…) Няхай Алах дабраславіць маладую сям'ю і дапаможа захаваць каханне і павагу адзін да аднаго на доўгія гады! Будзьце шчаслівыя!» — напісала Мехрыбан Аліева.
Гейдар Ільхам аглы Аліеў нарадзіўся 3 жніўня 1997 года. Скончыў Адукацыйны каледж імя Гейдара Аліева, а таксама Азербайджанскую дыпламатычную акадэмію. Вучоба на дыпламата паказвае на тое, што ў перспектыве Гейдара рыхтуюць да высокай дзяржаўнай пасады. Пра самога патэнцыйна будучага прэзідэнта Азербайджана пакуль вядома мала. Хіба што ў 2010 годзе журналісты азербайджанскай рэдакцыі Радыё Свабода пісалі, што Гейдар Аліеў нібыта стаў уладальнікам дзевяці раскошных асабнякоў у Дубаі, набытых прыкладна за 44 мільёны долараў.
Па матэрыялах азербайджанскай прэсы

Ад рабыні да міністра

Прыкладна 35 год таму ўвесь Савецкі саюз літаральна прыліпаў да экранаў тэлевізара, назіраючы за прыгодамі рабыні Ізауры ў выкананні актрысы Луселіі Сантас (Lucelia Santos). Серыял, зняты яшчэ ў 1977-м, выйшаў на нашы экраны ў 1987-м і стаў сапраўдным феноменам. Гэта знайшло адлюстраванне ў мностве анекдотаў, накшталт:
Дачка: «Мама, а праўда, што ў юнацтве ты была аматаркай серыялаў?»Мама: «Ну, што ты, Ізаўра!»
Тым часам біяграфія акторкі таксама вельмі цікавая. Справа ў тым, што ў лістападзе яна стала дэпутатам бразільскага парламента па спісах Сацыялістычнай партыі. Больш за тое, пераможца прэзідэнцкіх выбараў Лула да Сілва запрасіў 65-гадовую Луселію ў міністэрскі камітэт, які будзе займацца пытаннямі культуры. Не выключаюць таксама, што выканаўца ролі рабыні ў перспектыве ўвогуле ўзначаліць гэты дэпартамент, што адкрые для яе яшчэ большыя палітычныя перспектывы. Як бачым, інтрыга не менш захапляльная, чым у славутым серыяле. 
Па матэрыялах партугальскай прэсы

Павярнуць Смаленск праз футбол?

Адзін з беларускіх футбольных тэлеграм-каналаў прыгадаў цікавы забыты факт. Аказваецца, у 30-я гады мінулага стагоддзя футбольнай сталіцай Беларусі быў… Смаленск. Хаця адміністрацыйна горад не ўваходзіў у БССР, тут размяшчаўся штаб Беларускай ваеннай акругі, пры якой была створана футбольная каманда ДКА БВА (Дом Чырвонай Арміі Беларускай Ваеннай Акругі). Па нейкіх прычынах ДКА БВА была дапушчана да чэмпіянату Беларускай ССР, дзе двойчы была чэмпіёнам (1934 і 1935 гг).
Прайшло амаль 120 гадоў. Цяпер у Смаленску з футболам усё жудасна з-за адсутнасці грошай для прафесійнай каманды. Аднак для ўдзелу ў беларускіх спаборніцтвах узроўню 2-й лігі тых рэсурсах напэўна хапіла бы. «Дык можа, гэта найлепшы момант запрасіць суседзяў назад? Магілёўская вобласць толькі выйграла б ад дадатковага ўдзельніка», — піша аўтар нататкі. Зрэшты, многія каментатары выказваюць скепсіс на гэты конт. Няма сумневаў, што ў Маскве западозраць, што Беларусь вырашыла далучыць Смаленск праз футбол.
Па матэрыялах беларускіх інтэрнэт-медыя