Сведка абвінавачвання дала паказанні на карысць украінскага палітвязня Грыба
На судзе па справе ўкраінскага палітвязня Паўла Грыба, якога вінавацяць у «тэрарызме», сведка з боку абвінавачання часткова адмовілася ад сваіх папярэдніх слоў і дала паказанні на карысць украінца.
У судзе ў Растове-на-Доне 23 лістапада павінны былі дапытваць Таццяну Яршову. Менавіта яе, па версіі пракурораў, Грыб нібыта схіляў да тэракту. Аднак з-за хваробы Яршовай на судзе сведкам выступіла яе сяброўка Марыя Юрыстава, якая раней ужо давала паказанні па гэтай справе, паведамляе hromadske.ua.
Юрыстава заявіла, што яна лепшая сяброўка Яршовай. Паводле яе слоў, Грыб і Яршова перапісваліся ў інтэрнэце і іх размовы мелі пераважна рамантычны характар. Таму палітычнага падтэксту, пра што сцвярджае абвінавачанне ў РФ, у іх размовах не было.
У той жа час пракурор заявіў, што Юрыстава змяніла паказанні. У 2017 годзе яна назвала сваю сяброўку Яршову «ўкраінскай нацыяналісткай з правымі поглядамі, якая гераізавала Бандэру і Шухевіча».
Юрыстава пацвердзіла, што на пратаколах яе леташняга допыту стаіць яе подпіс, аднак адмовілася ад гэтай характарыстыкі Яршовай і сказала, што не ведае, што такое нацыяналізм і пісала гэтыя паказанні не яна.
Грыба абвінавачваюць у тым, што ён схіляў сяброўку — 18-гадовую Таццяну Яршоў з Сочы — здзейсніць тэракт. Хлопца выкралі спецслужбы Расіі ў Гомелі.
23 ліпеня ў Паўночна-Каўказскім акруговым судзе Растова зачыталі абвінаваўчы акт 20-гадоваму Паўлу Грыбу.
Павел Грыб абвінавачванні не прызнаў, а на судзе ў Растове перадаў украінцам, каб не забывалі пра незаконна асуджаных у Расіі.